Гандбалісты Беларусі ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы разграмілі палякаў
У першым крузе адборачнага турніру Чэмпіянату Еўропы 2018 года гандбольная зборная Беларусі ўпэўнена перамагла каманду Польшчы — 32:23. Матч адбыўся 4 траўня ў палацы спорту "Уручча".
Першую палову гульні падапечныя Юрыя Шаўцова завяршылі з лікам 15:10. А ў другім тайме яны яшчэ і павялічылі адрыў ад сапернікаў да дзевячі галоў. Найлепшым снайперам сярод пераможцаў стаў Арцём Каралёк: ён закінуў 7 мячоў.
7 траўня гандбалісты Беларусі і Польшчы згуляюць матч у адказ у Плоцку.
Становішча камандаў у 2-й кваліфікацыйнай групе цяпер такое: Румынія — 4 ачкі (2 матчы), Беларусь — 4 (3), Сербія — 2 (2), Польшча — 0 (3).
У рамках адборачнага тура чэмпіянату Еўропы нашых гандбалістаў чакаюць яшчэ дзве сустрэчы ў чэрвені: 15-га — з камандай Румыніі, 18-га — са зборнай Сербіі.
У фінал еўрапейскага першынства, які пройдзе ў Харватыі, выйдуць па дзве лепшыя каманды з сямі груп, а таксама лепшая з тых, што занялі трэція месцы.