Героі сучаснасці: як каранавірус змяніў медыкаў і стаўленне да іх у свеце

Работнікі медыцынскай сферы зрабіліся героямі сучаснасці. У сакавіку свет ахапіла эпідэмія каранавіруса SARS-CoV-2. І галоўнымі героямі ў многіх краінах сталі тыя, дзякуючы каму штодня вылечваюцца тысячы чалавек, — дактары. Гэтыя людзі рызыкуюць здароўем і жыццём дзеля іншых. Іх заклікі і аповеды збіраюць мільёны праглядаў і лайкаў у сацсетках і СМІ
Ледзь не ва ўсіх краінах, дзе ўспыхнуў каранавірус, дактары скардзяцца на перапоўненыя палаты, адсутнасць ахоўнага абсталявання або яго дрэнную якасць — і настойліва заклікаюць людзей заставацца дома. На прыкладах некалькіх краін hromadske расказвае, як каранавірусная рэальнасць паўплывала на дактароў і якой цаной ім цяпер даецца іх праца.
Італія. Ахвяраванне дзеля іншых
24 сакавіка стала вядома, што 34-гадовая доктарка рэанімацыйнага аддзялення адной з бальніц італьянскага горада Монца Даніэла Трэцца скончыла жыццё самагубствам. Італьянскія СМІ паведамлялі, што з 10 сакавіка Трэцца была дома з падазрэннем на каранавірус — і перажывала, што магла заразіць пацыентаў, якіх лячыла. Гэта быццам і стала прычынай яе рашэння.
У Трэцца COVID-19 так і не пацвердзілі. Зрэшты, з пачатку эпідэміі каранавірусам заразіліся больш за 6000 італьянскіх медыкаў, з якіх 45 памерлі — праз недахоп ахоўнага абсталявання і перагружанасць бальніц у выніку вельмі вялікай колькасці інфікаваных SARS-CoV-2.
Нават тыя дактары, якія выходзяць на працу, падазраюць, што або перахварэлі на COVID-19, або пераносяць захворванне ў лёгкай форме, расказвае 34-гадовая доктарка Анналіза Бальдзі са шпіталя Крэмоны, што на паўднёвым усходзе ад Мілана. Горад размешчаны ў рэгіёне Ламбардыя — менавіта там у Італіі зафіксаваная найбольшая колькасць інфікаваных і памерлых ад каранавіруса. У адной з крэмонскіх бальніц кожны пяты медработнік заразіўся SARS-CoV-2.
Для Бальдзі, як і для большасці італьянскіх медыкаў, раніца пачынаецца з надзявання ахоўных пальчатак і масак: "Да канца змены пальчаткі робяцца маёй скурай. Я мыю і дэзінфікую іх кожны раз, як выпадае магчымасць. Таксама цягам дня надзяваю дадатковыя пальчаткі".
Ад частага і працяглага нашэння медыцынскіх ахоўных сродкаў на твары застаюцца характэрныя сляды. 35-гадовы італьянскі медык Нікола Сгарбі аднойчы зрабіў сэлфі пасля 12-гадзіннай працоўнай змены, дзе відаць, як маска нацерла яго твар, і выклаў у Facebook — фота сабрала больш за 240 000 лайкаў.
"Я зрабіў фатаграфію з дзвюх прычын. Па-першае, паслаць жонцы і сказаць ёй, што я скончыў змену і іду дадому, але з лёгкімі ўдарамі. А па-другое, каб паказаць сваёй гадавалай дачцэ, калі яна падрасце. Я раскажу ёй пра гэты момант", — сказаў Сгарбі ў інтэрв'ю CNN.
Сгарбі — не адзіны, хто выклаў такое фота. Італьянскія дактары робяць сэлфі пасля змен або падчас рэдкіх перапынкаў і выкладваюць іх у сацсетках. Запэўніваюць: нягледзячы на стомленасць і боль, не будуць спыняць працу, — але заклікаюць людзей заставацца дома і не падвяргацца небяспецы інфікавання.
"Я фізічна стамілася, таму што ахоўнае абсталяванне дрэннае, у лабараторным халаце пацееш, а пасля таго як апрануўся, не можаш схадзіць у прыбіральню ці піць шэсць гадзін. Я стамілася псіхалагічна, як і мае калегі, якія ў такім стане тыднямі, — але мы ад гэтага не перастанем працаваць, як і заўсёды... Прашу ўсіх, хто чытае гэты пост: не ўскладняйце нашу працу, не будзьце эгаістамі, заставайцеся дома і такім чынам ахоўвайце тых, хто найбольш безабаронны перад хваробай", — напісала ў Instagram італьянская доктарка Алесія Банары. Больш чым мільёну людзей спадабаўся яе пост.
Індыя. Героі паняволі
Для краіны з насельніцтвам 1,3 млрд чалавек успышка каранавіруса можа стаць сапраўднай катастрофай. У Індыі толькі 0,5 месца ў стацыянарах бальніц на 1000 насельніцтва — гэта самы нізкі паказчык сярод краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (для параўнання: у Італіі — 3,2).
Таму там ужо прапануюць на час эпідэміі зрабіць часовыя шпіталі ў чыгуначных вагонах, якія знаходзяцца на прастоі. А яшчэ ўвялі агульнанацыянальны каранцін 24 сакавіка — самы маштабны сярод усіх дзяржаў свету. Але, як кажуць індыйскія паліцыянты, людзі не прывыклі заставацца дома і яшчэ не разумеюць, чаму важна не выходзіць на вуліцу без крайняй неабходнасці.
Сістэма аховы здароўя Індыі можа проста не справіцца з вялікай колькасцю хворых на COVID-19. Мясцовыя дактары кажуць: да каранавіруснага крызісу медыцынскі сектар не быў гатовы.
"У дактароў і медсясцёр, якія працуюць у палатах з інфікаванымі каранавірусам, добрае ахоўнае абсталяванне. Але ў медыкаў, якія аглядаюць пацыентаў, яго няма — нягледзячы на тое, што мы якраз у самай вялікай групе рызыкі... Нам вельмі трэба больш ахоўнага абсталявання", — расказвае Таарыні Джохры, доктар дзяржаўнай клінікі ў горадзе Ахмедабад на захадзе краіны.
Неразуменне прыроды каранавіруса сярод насельніцтва вядзе да перадузятасці. У Нью-Дэлі медыкі звярнуліся з адкрытай заявай да міністра ўнутраных спраў Аміта Шаха, дзе сцвярджаюць: іх падвяргаюць дыскрымінацыі, паколькі лічаць, што яны сталі "заразнымі" пасля працы з пацыентамі з каранавірусам.
"Дактароў, медсясцёр і іншых работнікаў сферы аховы здароўя, якія займаюцца лячэннем COVID-19, просяць з'ехаць з арандаваных дамоў, а некаторых уладальнікі выселілі прымусова з часова арандаванага жылля: баяцца, што праз медыкаў яны больш уразлівыя да каранавіруснай інфекцыі", — гаворыцца ў адкрытым звароце Асацыяцыі інтэрнаў Усеіндыйскага інстытута медыцынскіх навук у Нью-Дэлі.
Ліст медыкаў абурыў мясцовых чыноўнікаў і некаторых індыйцаў. Кіраўнік паліцыі Нью-Дэлі па распараджэнні кіраўніка МУС звязаўся з Асацыяцыяй з прапановай дапамагчы. А сам міністр Шах пазней публічна падзякаваў дактарам, якія "кожны дзень і кожную ноч змагаюцца з эпідэміяй каранавіруса, рызыкуючы сваім жыццём".
Канада. Дактары-знакамітасці
"Нас уратуеце на каранціне, з дому працуем для вас, каб берагчыся пастаянна. Усе адменім справы сямейныя, застанемся дома для вас, можа, на месяц ці два... " Гэта радкі з песні "Dear Dr. Bonnie", якую канадка Эмі Шыр разам са сваёй суседкай па пакоі Вікі Фергюсан напісала ў гонар галоўнай доктаркі правінцыі Брытанская Калумбія Боні Генры.
Падчас адной з прэс-канферэнцый звычайна спакойная і ўраўнаважаная Генры не змагла стрымаць слёз, кажучы пра двух старых, якія захварэлі на COVID-19. Таму Шыр і Фергюсан вырашылі прысвяціць доктарцы песню, а таксама падбадзёрыць людзей у няпросты час пандэміі. Дзяўчаты не адзіныя, хто падтрымлівае Боні Генры: у яе ёсць нават асобная Twitter-старонка, дзе прыхільнікі цытуюць доктарку, дзякуюць ёй за падтрымку або проста пакідаюць свае пажаданні.
Іншы прыклад: спецыяліст па вірусных інфекцыях з Канады Абду Шаркаві напісаў у Facebook віральны пост, дзе прызнаўся: больш за ўсё ён баіцца таго, што людзі расказваюць пра пагрозу каранавіруса дзецям.
"Замест таго каб быць разважлівымі, памяркоўнымі, з адкрытым розумам і бескарыслівымі, мы гаворым ім, каб яны панікавалі, баяліся, падазравалі, дзейнічалі неабдумана і эгаістычна... Малю вас усіх. Наталіце страх розумам, паніку — цярпеннем, а няўпэўненасць — ведамі... Нашы дзеці падзякуюць нам за гэта", — напісаў Шаркаві.
Паведамленне доктара спадабалася 820 000 чалавек, і яго перапосцілі 2 мільёны разоў.
У Канадзе галоўныя дактары — менавіта яны кожны вечар паведамляюць людзям апошнія звесткі пра эпідэмію каранавіруса ў правінцыях і гарадах.
Скажам, у галоўнай доктаркі Таронта Эйлін дэ Вілы ёсць фан-акаўнт на Twitter, прысвечаны яе шалікам, якія яна надзявае на штодзённыя прэс-канферэнцыі. Канадская дызайнерка Мэндзі Стоўба распрацавала тры футболкі з партрэтамі дактароў (у тым ліку Боні Генры), грошы ад продажу якіх будуць перададзеныя ў дабрачынны фонд. А пасля таго як галоўны доктар правінцыі Альберта Дзіна Гішоў выступіла на прэс-канферэнцыі ў сукенцы з прынтам табліцы Мендзялеева, продажы сукенак адразу ж выраслі.
Неабыякавыя грамадзяне па ўсім свеце разумеюць, на якія ахвяры ідуць дактары, каб зберагчы іх ад каранавіруса, і спрабуюць падтрымаць іх усімі магчымымі спосабамі. У Вялікабрытаніі, напрыклад, ужо некалькі тысяч чалавек пагадзіліся стаць валанцёрамі Нацыянальнай службы аховы здароўя, каб дапамагаць з развозкой ежы і пацыентаў, а таксама падтрымкай адзінокіх людзей на каранціне. У многіх краінах рэстараны і кавярні прапануюць дактарам бясплатную каву ці пачастунак. Ва Украіне і Беларусі дактарам дапамагаюць дабрацца на працу, а яшчэ збіраюць сродкі для бальніц, каб там было неабходнае абсталяванне.
Але ледзь не самы просты і дзейсны спосаб дапамагчы медыкам па ўсім свеце — выконваць іх указанне заставацца дома.