Госці забіраюць з сабой дываны, коўдры, халаты, туалетную паперу і прасы

Госці забіраюць з сабой дываны, коўдры, халаты, туалетную паперу і прасы

"Прыхапіць што-небудзь з кватэры на суткі — святое для беларусаў, расіян і ўкраінцаў... Памятаю, як мужчынка-беларус нават ссыпаў з сабой у слоік Comet, але выпадкова забыў у прыхожай... Хочацца ж, каб кватэры былі напоўненыя камфортнымі дробязямі, кнігамі, сувенірамі, як у еўрапейскіх гарадах, але проста часам апускаюцца рукі",каментуе ў Facebook мінчанка Вольга гісторыю пра тое, што з беларускіх бясплатных грамадскіх туалетаў крадуць туалетную паперу і вадкае мыла.

Вольга здае ў Мінску кватэры гатэльнага тыпу MinskFor.Me Apartments. Гэта значыць, што зняць іх можна толькі праз онлайн-браніраванне — напрыклад, праз Booking ці Airbnb. Яе гасцямі часта становяцца замежнікі. Але, кажа, ніводны замежнік пакуль не быў заўважаны ў крадзяжы:

"Гэта, натуральна, не кажа пра тое, што яны так не робяць у сваіх краінах, але, магчыма, баяцца гэта рабіць у нашай краіне, бо баяцца нейкай адказнасці. Такія паводзіны больш характэрныя менавіта для беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Нават грамадзяне Прыбалтыкі нічога не бяруць". 

Госці забіраюць з сабой дываны, коўдры, халаты, туалетную паперу і прасы
Так выглядаюць кватэры, якія можна зняць на суткі ў Мінску

Па словах Вольгі, часцей госці спакушаюцца на тое, што можна ўзяць з сабой у торбу і знесці. Фены, прасы, лямпачкі, хатнія дробязі.

"У мяне стаіць ліхтар, і людзі туды кідаюць манеты з розных краін. І вось жыла сям'я з Расіі, і іх дзевяцігадовы сын усе гэтыя манеты проста забраў з сабой. Мяне гэта вельмі абурыла", — працягвае гаспадыня. Аднак, кажа, што звычайна не тэлефануе гасцям і не высвятляе, куды і што падзелася. Проста запісвае "прапажу" у выдаткі і называе адным з фактараў сваёй нялёгкай працы.

Праўда, прыязджаюць у Мінск і іншыя госці.

"У нас спынялася сям'я з Германіі, жыла ў Мінску тыдзень. Яны вельмі любілі варыць каву. У першы ж дзень, убачыўшы, што кававарка не прадугледжана, паехалі і набылі яе. А пры ад'ездзе падарылі яе нам", — распавядае Сяргей з кампаніі "Мальнар". Былі сітуацыі, калі пастаянных кліентаў прасілі прывезці з сабой у Мінск пэўны лек, які ў Беларусі не прадаецца — усе ішлі насустрач. Сяргей кажа, што кампанія вельмі сур'ёзна падыходзіць па падбору кліентаў, пры неабходнасці працуе з дэпазітамі.

Але казусы Сяргей таксама не адмаўляе. Напрыклад, аднойчы госці з'ехалі дадому з коўдрай! А цяпер, калі на фарфоравы посуд у кватэрах нанеслі лагатып кампаніі, многія госці ўспрымаюць яго як сувенір.

"З аднаго боку, гэта і прыемна. Раз гасцям спадабалася і яны захацелі пакінуць пра нас памяць, трагедыі ў гэтым няма, — разважае Сяргей. — Таксама няма нічога страшнага, калі госці бяруць з сабой у дарогу туалетную паперу. Мы ж для іх гэта і набываем і камплектуем кватэры".

Госці забіраюць з сабой дываны, коўдры, халаты, туалетную паперу і прасы
Фота: molnar.by

"Аднак бывае, што госць здымае кватэру на адны суткі, а "у дарогу" забірае пачак з васьмі рулонаў", — смяецца гаспадыня Apartments Minsk Таццяна. Па яе словах, калі толькі падобны бізнес у Мінску пачынаўся, былі выпадкі, калі некалькі кватэр "кліенты" вывозілі цалкам, разам з плінтусамі. Паступова сітуацыя выправілася, але ёсць заканамернасць:

"Чым вышэйшы кошт кватэры, тым менш праблемныя госці. Як толькі нашы калегі дэмпенгуюць, і нам даводзіцца апусціць цану, прыходзіць цалкам іншы кантэнгент, для якога, відаць, гэта таксама вялікія грошы, і яны лічаць, што за гэтыя грошы ім павінны даць Хілтан, і ўсё, што ёсць у кватэры, належць ім".

Таццяна кажа, што "для бяспекі" не апусукае кошты ніжэй за 50 долараў у суткі і "правярае" кожнага свайго кліента. Як толькі паступіла бронь, шукае яго акаўнт у сацыяльных сетках, глядзіць, як выглядае чалавек, пра што піша і што посціць. Праўда, было і такое, што кліенты не прайшлі фэйскантроль: падчас Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе пад выглядам заўзятараў у адну з яе беласнежных кватэр прыехалі... бомж, яго жонка і дзіця з Бангладэшу. Служба аховы аэрапорту адразу папярэдзіла жанчыну быць уважлівай. У выніку апынулася, што сям'я планавала праз Беларусь патрапіць у Еўрасаюз.

Госці забіраюць з сабой дываны, коўдры, халаты, туалетную паперу і прасы
Фота: www.facebook.com/Apartments.Minsk

Таццяна мяркуе, што гаспадары кватэр і фірмы, якія вядуць легальны бізнес па здачы жылля на суткі ў Мінску, заканадаўча не абаронены: кліенты могуць нешта скрасці, разбіць, разламаць (часцей, кажа гаспадыня, праблемы ўзнікаюць з украінцамі і расіянамі, напрыклад, украінскія бізнесоўцы разбілі душавую кабіну ў адной з кватэр, у іншай — разламалі ложак), але выявіць паломку ці прапажу можна не адразу:

"Тры апошнія гады я заўсёды прыязджаю, бо ведаю, што паколькі нам у апошні час з-за крызісу давялося апусціць кошты, кантынгент спецыфічны. Але ў чатыры гадзіны раніцы не будзеш падымацца! Да таго ж камеры не паставіш: хто ж да нас тады паедзе!?".

Самая вясёлая гісторыя, якую прачытала Еўрарадыё ў сацыяльных сетках, пра дыван. Аднойчы госць прывёў у мінскую кватэру на суткі дзяўчыну. Ёй так спадабаўся дыванок у калідоры, што кавалер вырашыў падарыць яго дзяўчыне. Калі прапажа выявілася, ён, натуральна, рабіў выгляд, што не ведае, пра што ідзе гаворка :)

Госці забіраюць з сабой дываны, коўдры, халаты, туалетную паперу і прасы
Фота: www.facebook.com/Apartments.Minsk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі