ГУБАЗіК правёў ператрус ў кватэры Сяргея Чалага, у доме Паўла Латушкі
Сяргей Чалы
ГУБАЗіК правёў ператрус у мінскай кватэры незалежнага аналітыка Сяргея Чалага. Фотаздымкі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Чалы ў апошнія гады жыве за мяжой. Яго новы праект — вечаровае шоу "Ноч з Чалым". Ператрус звязаны з датычнасцю аналітыка да дзейнасці Каардынацыйнай Рады.
Як паведамляе кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, ператрус правялі ў яго доме ў Мінску. Сілавікі прыйшлі і ў кватэры, дзе раней жылі супрацоўнікі каманды НАУ.
"Па нашых звестках, гэта адбываецца адначасова, масава і датычыцца прадстаўнікоў многіх дэмакратычных сілаў Беларусі, — піша Латушка. — ...Мы адзначаем, што гэта не паўплывае на дзейнасць Народнага антыкрызіснага ўпраўлення па прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі".
Раней беларускія праваабаронцы паведамілі пра масавыя ператрусы ў Мінску. Ператрусы па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду" праходзяць па артыкулах КК "здрада дзяржаве", "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці", "стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім", "змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады", "заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.