Хацкевіч: Галоўнае, каб пасля іспанцаў не было ціску ад Лукашэнкі

Зборная Беларусі па футболе 14-га чэрвеня згуляе адборачны матч чэмпіяната Еўропы з магутнымі іспанцамі. Да гэтага 7-га чэрвеня нашы правядуць таварыскую гульню з Расіяй.

У папярэдняй адборачнай гульні беларусы перамаглі ў гасцях Македонію. Тая гульня многіх натхніла і вярнула людзям інтарэс да нацыянальнай футбольнай каманды.

Нягледзячы на пэўны ціск, галоўны трэнер Аляксандр Хацкевіч, з якім у многім звязваюць апошнія поспехі зборнай, трымаецца спакойна і разважліва. І з задавальненнем жартуе пры любой дарэчнай нагодзе.  

“Мяркую, да гульні з іспанцамі  хлопцы адыдуць ад Стасавага Дня народзінаў”

Апошнім часам з’яўляецца ўсё больш мемуарных успамінаў ад былых зорак зборнай Беларусі. Асаблівую цікавасць выклікаюць прыгоды футбалістаў — пагулянкі, жарты, алкаголь. Таму пытанне, якія будуць наступствы пасля святкавання  Дня народзінаў Стаса Драгуна (паўабаронца нарадзіўся 4 чэрвеня), не можа не цікавіць.

“Гэта першы ДН, калі я прысутнічаю ў камандзе ў якасці галоўнага трэнера. Як хлопцы адзначаць, гэта іх справа. Паглядзім на іх прафесійнае стаўленне, — прамаўляе Хацкевіч, усміхаецца і дадае, — Але да 14 ліпеня (гульня з іспанцамі, — Еўрарадыё) ёсць час. Мяркую, яны адыдуць ад Стасавага Дня народзінаў”.

Пра запрашэнне ў зборную Лапцева і іншых новых зорак з чэмпіяната Беларусі

Галоўны трэнер шчыра кажа пра тое, што ў нацыянальнай камандзе ёсць праблема з нападаючымі. Няма належнай канкурэнцыі. Таму ў многім Хацкевіч ускладае надзею на “крэатыўных паўабаронцаў”, якіх нацэльваюць на атакуючы футбол. 

Аднак з пачаткам чэмпіянату Беларусі як піліп з канапель з’явіліся новыя маладыя прозвішчы, якіх у зборную пакуль не запрашаюць. У першую чаргу гэта нападаючы мазырскай “Славіі” Дзяніс Лапцеў. Яшчэ нядаўна хлопец гуляў у самых мінорных лігах, а сёння ў васьмі гульнях чэмпіянату накалаціў ужо шэсць галоў.  

Канешне, мы за ім сочым. Пэўны ўзровень ёсць, але гэта ўзровень чэмпіянату Беларусі. Магчыма, ужо пасля гульні са зборнай Расіі трэнерскі штаб прыме рашэнне яго выклікаць. Дай Бог, каб ён паспяхова правёў наступны тур”, — разважае Хацкевіч. 

Разважаў галоўны трэнер і аб перспектывах маладога нападаючага з “Дынама-Брэст” Кірыла Прамудрава. Той зможа разлічваць на выклік у зборную, калі яго забіўныя здольнасці будуць стабільнымі цягам усяго чэмпіянату. Нягледзячы на ідэі як мага хутчэй амаладзіць нацыянальную каманду, Хацкевіч цвёрда падкрэслівае, што штучна такія працэсы праводзіць не збіраецца. Пакуль жа трэнер разлічвае на правераных футбалістаў. Хай сабе некаторыя і гуляюць далёка не ў вышэйшай расійскай лізе і нават не маюць пастаяннай гульнявой практыкі. Як, напрыклад, нападаючы самарскіх “Крылаў” Сяргей Карніленка.

Так, можа быць, Сяргей не заўсёды гуляў у асноўным складзе, але канцоўка сезона ў яго атрымалася. Асабліва пасля гульняў за зборную эмацыйны фон у яго быў добры. Дай Бог, каб гэта ў яго пратрымалася да 14 чэрвеня”, — спадзяецца Хацкевіч. 

Практычна не гуляў за іспанскую “Малагу” і лепшы беларускі абаронца мінулага года Ягор Філіпенка.

Па яго функцыянальных магчымасцях пакуль дадзеных няма. У нас будзе медабследаванне непасрэдна перад гульнёй з Іспаніяй, — дае інфармацыю трэнер. — Эмацыйны фон добры. Ён разумее, што будзе гуляць у асноўным складзе. Канешне, хлопец увогуле не меў гульнявой практыкі. Толькі матчы з Македоніяй і Габонам. А футбаліст павінен гуляць. Паглядзім, як ён будзе выглядаць у матчы з Расіяй”.

“Галоўнае, каб пасля гульні не было ціску з боку прэзідэнта”

Як вядома, пасля чэмпіянату свету па хакеі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў хакейную зборную за разгромы ад Расіі і Канады. Ад прэзідэнцкага гневу не ўратавала і тое, што  астатнія гульні хакеісты правялі  добра. Але, паводле інфармацыі Хацкевіча, у кіраўніка Беларусі на 14 чэрвеня “іншыя планы”і на футбол ён не збіраецца.

Калі ты выходзіш на футбольнае поле, то няважна, ці ёсць прэзідэнт на трыбунах. Ціску на футбалістаў не будзе, наадварот можа з’явіцца дадатковая матывацыя, — лічыць Хацкевіч. — Галоўнае, каб пасля гульні не было ціску з боку прэзідэнта. Іспанія — экс-чэмпіёны свету. Наведаць такую гульню — гэта цікава”.

Пра ўласны досвед міліцэйскага дагляду: “Калі шчыра, больш бы я на футбол не пайшоў”

У пачатку адборачнага цыклу былі матчы, калі даволі сціплая ў плане змяшчальнасці “Барысаў-Арэна” не была запоўненая і напалову. Здарылася гэта, напрыклад, падчас гульні са славакамі. На пытанне Еўрарадыё галоўны трэнер параўнаў запаўняльнасць стадыёнаў у Беларусі і ва Украіне, дзе заўзятары, на першы погляд, выглядаюць больш патрыятычнымі.

“Там краіна аб’ядналася. І на матчы нацыянальнай зборнай, дзе б яна ні гуляла і як бы яна ні гуляла, заўсёды практычна поўны стадыён, — канстатуе Хацкевіч. —Я не думаю, што сённяшняя сітуацыя сведчыць пра культуру нашых заўзятараў. Ёсць іншыя фактары: як дабрацца да стадыёна, пачатак гульні ў 21.45... А назаўтра многім трэба працаваць. Ад нас таксама не залежыць, у колькі ставіць матч, ёсць рэгламент, — абараняе Хацкевіч беларускіх заўзятараў. —  Але калі чалавек прыйшоў на стадыён, то ён павінен па-сапраўднаму падтрымліваць зборную”.

Прэтэнзію галоўны трэнер выказаў і наконт спецназаўскага дагляду на беларускіх арэнах. Дарэчы, самога Хацкевіча апошнім часам пры ўваходзе на стадыён не абмацваюць і не шукаюць пад яго вопраткай выбухоўку ды нажы.  

Але гады тры-чатыры таму быў на “Дынама” падчас гульні зборнай Беларусі, — згадвае трэнер. — Мне прыйшлося прайсці дагляд. Калі шчыра, больш бы я на футбол не пайшоў. Я ішоў з сябрамі, якія прыехалі з іншай краіны. І яны таксама за галаву хапаліся”.

Ці можа зборная Беларусі “паўстаць з попелу” і зачапіцца за выхад з групы?

“Можа быць, пасля матча з Македоніяй у кагосьці з’явілася эйфарыя, што мы зараз уклінімся ў барацьбу за выхад, —Хацкевіч пераходзіць на крытычны тон і намякае, што спадзявацца на цуды пакуль не варта. — Мы, канешне, будзем гуляць у кожным матчы, а ці ўклінімся ў барацьбу, можна будзе сказаць пасля гульні з Іспаніяй”.  

Як паведамляе сайт Беларускай федэрацыі футболу, таварыская гульня з Расіяй адбудзецца ў Маскве 7-га чэрвеня. Яе пакажуць па тэлеканале “Беларусь-5” а 18-й гадзіне. Матч з іспанцамі адбудзецца на “Барысаў-Арэне”. Яго пакажуць па тэлеканале “Беларусь-2”, пачатак трансляцыі ў 21.45.

Фота elnuevoherald.com і abff.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі