Інцыдэнт з экіпажам, у якім была беларуска, першы ў гісторыі касманаўтыкі РФ

Ракета ў космас не паляцела

Ракета ў космас не паляцела / ria.ru

Адмена запуску ракеты перад самым стартам з ужо змешчаным ўнутры экіпажам адбылася ў расійскай касманаўтыцы ўпершыню. Пра гэта ria.ru распавёў гісторык касманаўтыкі Аляксандр Жалезнякоў. Запуск "Саюза МС-25" адмянілі ў аўтаматычным рэжыме за 20 секунд да старту. Дагэтуль такога ніколі не было.

"Былі выпадкі, калі адмянялі за суткі па розных прычынах, — кажа гісторык. — Але вось непасрэдна калі зваротны адлік ідзе, калі ўжо была абвешчаная пяціхвілінная гатоўнасць, — здаецца, такога не было ніколі".

Падобныя інцыдэнты здараліся толькі пры адпраўцы ў космас караблёў без экіпажаў.

Такім чынам, беларуска Марына Васілеўская ўжо ўвайшла ў гісторыю. На Міжнародную касмічную станцыю яна збіралася адправіцца разам з камандзірам карабля — ураджэнцам Беларусі Алегам Навіцкім і бортінжынерам — астранаўтам NASA Трэйсі Дайсан. Праз 12 дзён Васілеўская і Навіцкі мусілі вярнуцца на Зямлю.

"Зваротны адлік ішоў бездакорна прыкладна да моманту 20 секунд... Кабель-мачта адышла ад ракеты, аднак чаканага ў гэты момант ўключэння рухавікоў не адбылося, і аўтаматычная сістэма адмяніла пуск", — сказаў вядучы трансляцыі NASA.

Дзяржкамісія вызначыла, што адмену запуску выклікала "прасадка напружання хімічнай крыніцы току". Новая спроба запуску адбудзецца ў суботу, 23 сакавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі