Іосіф Сярэдзіч судзіцца за вяртанне даменнага імя і сайта "Народнай Волі"

Іосіф Сярэдзіч

Іосіф Сярэдзіч / svaboda.org

Былы галоўны рэдактар "Народнай Волі" Іосіф Сярэдзіч судзіцца за вяртанне даменнага імя і сайта выдання, піша "Наша Ніва".

Ён хоча праз суд прызнаць несапраўднай дамову з цяперашнім уладальнікам выдання — таварыствам з абмежаванай адказнасцю "Гіпер ПК", якім кіруе Мікалай Зіневіч. Паводле некаторых звестак, сам Зіневіч і рэдагуе сайт NV-online.info.

Сярэдзіч незадаволены тым, як памянялася выданне пасля ягонага сыходу.

Газета "Народная Воля" выходзіла з ліпеня 1995 года. Ад самага пачатку яе галоўным рэдактарам быў Сярэдзіч. Апошнім часам газета перайшла ў інтэрнэт, бо ўлады пазбавілі яе магчымасці друкавацца на паперы. На пачатку жніўня 2023 года Сярэдзіч заявіў, што пакідае выданне праз праблемы са здароўем.

Па словах Сярэдзіча, выданне ён бясплатна перадаў ТАА "Гіпер ПК", бо ніхто з журналістаў не хацеў браць на сябе рэдактарскія функцыі. Новы ўладальнік звольніў усіх журналістаў і сам стаў запаўняць навінавую стужку выдання. Пасля гэтага чытачы заўважылі, што "Народная Воля" перайшла на праўладныя пазіцыі.

Суд адхіліў пазоў Сярэдзіча па вяртанні сайта і даменнага імя ўнітарнаму прадпрыемству "Народная Воля". Цяпер былы галоўны рэдактар чакае матывацыйную частку судовага рашэння, каб вызначыцца, што рабіць далей.

Паведамляецца, што дамова пра перадачу даменнага імя была вуснай, што паводле фармальных падставаў пазбаўляе яе законнай моцы. Згодна з законам, дзве юрыдычныя асобы павінны былі падпісаць афіцыйнае пагадненне, а "Гіпер ПК" мусіла пералічыць на рахунак УП "Народная Воля" пэўную суму, чаго не не было зроблена. Угода была без фінансавых патрабаванняў.

Цяпер сайт "Народнай Волі" не абнаўляецца з пачатку лістапада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі