Іосіф Сярэдзіч сыходзіць з "Народнай волі"
Іосіф Сярэдзіч / Facebook
Іосіф Сярэдзіч сыходзіць з "Народнай волі". Ён спасылаецца на ўзрост.
"Праз пару месяцаў мне пойдзе 75-ы год, — піша Сярэдзіч на сваёй старонцы ў Facebook. — І хочаш не хочаш, а трэба развітвацца з цяжкай штодзённай працай — і здароўе нагадвае пра неабходнасць супыніцца, і абставіны часу не спрыяюць актыўнай дзейнасці".
Ён нагадвае пра праблемы, з якімі сутыкнулася ў Беларусі "Народная воля": ёй адмовілі ў друкарскіх паслугах, і яна стала электроннай, пасля анулявалі пасведчанне аб рэгістрацыі газеты. "Без усялякіх падстаў знішчылі выданне", — з сумам піша яго заснавальнік.
Правы ўласніка на сайт "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч афіцыйна перадаў іншай асобе, якая пакуль не называецца. Сайт, дарэчы, часова не працуе — "на пару дзён закрыты на тэхабслугоўванне ў сувязі са зменай ўладальніка дамена".
Першы нумар "Народнай волі" выйшаў 11 ліпеня 1995 года. Ад пачатку яе галоўным рэдактарам быў Сярэдзіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.