Іосуб: Цяпер любы правал можна будзе павесіць на кіраўніка ўрада

Пра перапоўненыя склады непрададзенай айчыннай прадукцыі, неканкурэнтаздольныя МАЗы і трактары ды іншыя праблемы ў эканоміцы даведаліся беларусы ў выніку адмысловай нарады ў кіраўніка краіны.



Уладальнік больш як двух дзясяткаў адказных пасад, віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч проста ў вочы кідаў праўду Аляксандру Лукашэнку.



Пётр Пракаповіч: "Аляксандр Рыгоравіч, трэба ж быць рэалістамі — у нас няма ні аднаго машынабудаўнічага прадпрыемства, якое было б канкурэнтаздольнае з сусветнымі лідарамі. Трэба яшчэ ўкласці мільярды і сотні мільёнаў — гэта рэальнасць".



Ці азначае гэта, што кіраўніку краіны падначаленыя нарэшце сталі казаць праўду пра стан эканомікі краіны, а ўсё пачутае падчас нарады — прыкметы “некіраванасці эканомікі”?



“Эканоміка — гэта з’ява ў прынцыпе некіраваная. І эканамічныя законы няўмольныя: пры нейкай добрай кан’юнктуры такое кіраванне ёй можа паказваць пэўны час добрыя вынікі, але ў рэшце рэшт гэта прыводзіць да вельмі дрэнных вынікаў”, — тлумачыць Еўрарадыё фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзім Іосуб.



І па выніку 2013 года, дадае эканаміст Леанід Заіка, беларуская эканоміка прызнаная самай дрэннай сярод краін СНД. Што жа да таго, што кіраўніку краіны нарэшце пачалі казаць праўду пра стан эканомікі…



Леанід Заіка: “Наколькі я ведаю, Лукашэнка ўмее чытаць і ўмее слухаць. А пра тое, што неканкурэнтаздольная адсоткаў на 70 прадукцыя, што выпускаецца, эканамісты і спецыялісты даўно пісалі і прызнавалі. І тое, што яму гэта сказалі… А што казаць, калі гэта і так бачна!”



Відаць, нават на самым высокім узроўні прызналі, што пра гэта можна казаць, пагаджаецца Вадзім Іосуб. Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч нават атрымаў карт-бланш на любыя рашэнні, каб выправіць сітуацыю. Не зайздросная місія, лічыць Іосуб.



Вадзім Іосуб: “Любы правал можна будзе павесіць на кіраўніка ўрада. Я не думаю, што зараз у кіраўніка ўрада ёсць нейкі патэнцыял разруліць сённяшнюю сітуацыю”.



“Зразумела, што неабходна мяняць існуючую мадэль эканамічнага развіцця краіны і гэтая нарада адлюстроўвае пошук гэтага рашэння, — разважае эканаміст Павел Данэйка. — Але для гэтага неабходныя людзі, грошы, час, арганізацыйныя рашэнні. І гэтая канфігурацыя заўжды вельмі індывідуальная”.



І такое індывідуальнае рашэнне падказвае Леанід Заіка:



“На месцы Міхаіла Уладзіміравіча я б склаў новы ўрад, запісаў бы туды новых, цікавых, разумных хлопцаў ва ўзросце 35-40 гадоў. А што далей рабіць? Без пытанняў — іду ва ўрад і будзем займацца нармальнай прафесійнай працай. Я ўжо 20 гадоў гляджу на гэтыя дзіцячыя забаўкі з эканомікай — надакучыла!”



А, можа, правесці дэвальвацыю і такім чынам паспрабаваць разгрузіць склады?



Павел Данэйка: “Дэвальвацыя без змены эканамічнай мадэлі будзе не больш, чым проста дэвальвацыяй: на кароткі час будзе невялікая палёгка, а потым ізноў стане дрэнна. Вось і ўсё”.



Нашы айчынныя тавары часам на 80% складаюцца з іншаземных запчастак, якія набываюць за валюту, дадаюць Іосуб і Заіка. А гэта азначае, што нават дэвальвацыя не надта зменшыць кошт беларускіх тэлевізараў ці трактароў.



Тое, што мы маем сёння ў эканоміцы, сыходзяцца ў меркаванні суразмоўцы Еўрарадыё, гэта — “праблемы 90-х гадоў мінулага стагоддзя”. Каб іх вырашыць, неабходныя “прынцыповыя рашэнні”, наша ўлада наўрад ці на іх здольная. Таму наўрад ці будзе і нейкая карысць ад гэтай “праўдзівай” нарады ў кіраўніка краіны.

Фота: http://reporter.by, Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі