Ізраіль пачаў наземную аперацыю на поўдні Лівана
Наземныя войскі падтрымліваюць ВПС і артылерыя
Армія Ізраіля пачала "абмежаваную аперацыю" на поўдні Лівана. Яе мэтай з'яўляюцца аб'екты ліванскай групоўкі "Хезбала" ў прыгранічных раёнах. Аб гэтым піша ВВС са спасылкай на ізраільскіх вайскоўцаў. Гэтыя аб'екты "размешчаны ў вёсках непадалёк ад мяжы і ўяўляюць непасрэдную пагрозу ізраільскім абшчынам на поўначы Ізраіля", — гаворыцца ў паведамленні Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ). Наземныя войскі падтрымліваюць ВПС і артылерыя.
Інфармацыя аб магчымай наземнай аперацыі з'явілася напярэдадні ўвечар. Ізраільскія СМІ паведамлялі аб пасяджэнні ваеннага кабінета, дзе быў ухвалены наступны этап аперацыі супраць "Хезбалы".
Ізраільскія ўлады праінфармавалі Вашынгтон аб "шэрагах аперацый", уключаючы наземныя, у Ліване, казалі ўчора ў Дзярждэпартаменце ЗША. А ў Пентагоне адзначылі, што міністр абароны ЗША Лойд Осцін правёў размову са сваім ізраільскім калегам, падчас якой бакі "пагадзіліся з неабходнасцю дэмантажу інфраструктуры нападаў" на паўночнай мяжы, каб не дапусціць атак з боку "Хезбалы".
У панядзелак міністр абароны Ізраіля Ёаў Галант звярнуўся да войскаў, сканцэнтраваных ля мяжы з Ліванам, і заявіў: "Ліквідацыя [лідэра „Хезбалы“ Хасана] Насралы — важны крок, але не апошні. Для таго, каб бяспечна вярнуць нашых жыхароў паўночных раёнаў у іх дома, мы задзейнічаем усе нашы магчымасці, у тым ліку вас".
Нагадаем, раней на працягу некалькіх дзён Ізраіль працягваў наносіць удары па пазіцыях "Хезбалы" ў Ліване. У ноч на панядзелак упершыню быў атакаваны цэнтр Бейрута (раней ўдары наносіліся па паўднёвых ускраінах горада). У выніку гэтага ўдару загінулі трое лідэраў Народнага фронту вызвалення Палестыны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.