Галоўчанка "патлумачыў", чаму перамовы з катарцамі ішлі за зачыненымі дзвярыма

Раман Галоўчанка

Раман Галоўчанка / Скрыншот

Раман Галоўчанка "патлумачыў", чаму перамовы падчас яго візіту ў Катар у асноўным ішлі за зачыненымі дзвярыма. Пра вынікі візіту в.а. прэм'ер-міністра Беларусі расказвае расплывіста.

"Яны [катарцы. — Еўрарадыё] цудоўна разумеюць усе рэаліі. Не маюць ілюзій адносна таго, што ж рэальна адбываецца вакол нашай краіны. Гатовыя з намі працаваць па ўсіх напрамках. Шмат якія дамоўленасці, як вы заўважылі, абмяркоўваліся за зачыненымі дзвярыма. Вялікія грошы любяць цішыню, гэтак жа кажуць?" — распавёў ён журналістам 23 лютага.

Паводле слоў Галоўчанкі, беларускім чыноўнікам трэба было "актуалізаваць разуменне таго, што адбываецца ў Катары". "Мяняюцца запыты, мяняюцца інтарэсы, падыходы. Новыя людзі прыходзяць, якія не вельмі знаёмыя з гісторыяй нашага супрацоўніцтва, — дадаў в.а. прэм'ер-міністра. — Сферы, вядома ж, традыцыйныя: гэта інвестыцыі і праца па трэціх краінах. І па тым, і па іншым напрамку ў бліжэйшы час будзем вельмі актыўна разгортвацца".

Мяркуючы па апошніх фразах Галоўчанкі, Катар актыўна ўключаецца ў схемы шэрага імпарту і абыходу заходніх санкцый у інтарэсах Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.