Як расійскія салдаты катавалі грамадзян Украіны ў Беларусі — расследаванне БРЦ

Горад Нароўля знаходзіцца на беразе Прыпяці ў Гомельскай вобласці

Горад Нароўля знаходзіцца на беразе Прыпяці ў Гомельскай вобласці / Mike McQuade / The New Yorker

Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ) сумесна з "Радыё Свабода", "Кіберпартызанамі" і міжнароднай арганізацыяй The Reckoning Project правялі маштабнае расследаванне і высветлілі месцазнаходжанне фільтрацыйнага лагера, у якім расіяне дапытвалі салдат і мірных жыхароў Украіны.

У пачатку поўнамаштабнага ўварвання яго разбілі расійскія вайскоўцы на тэрыторыі Беларусі. Гэтае месца, паводле сведчаннях відавочцаў і праваабаронцаў, стала сімвалам жаху і жорсткасці. Палонныя — як украінскія цывільныя, так і вайцоўцы — падвяргаліся жорсткім катаванням. 

Еўрарадыё пераказвае асноўныя моманты з апублікаванага журналісцкага матэрыялу.

 

Сыны ў палоне: ад Кіеўскай вобласці да Нароўлі

У сакавіку 2022 года расійскія вайскоўцы захапілі двух братоў, жыхароў вёскі Аранае ў Кіеўскай вобласці. 16-гадовы Уладзіслаў і яго старэйшы брат былі затрыманыя акупацыйнымі ўладамі. Уладзіслаў пазней расказваў, што іх вывозілі ў аўтазаку з завязанымі вачыма. Ён зразумеў, што апынуўся ў Беларусі, калі памежнікі пацвердзілі: гэта Нароўля, горад у Гомельскай вобласці.

Палонных трымалі на тэрыторыі, якая нагадвала закінуты калгас. Уладзіслаў успамінаў збіццё і здзекі: “Старэйшага білі мацней. Бітамі... Ён расказваў, што, магчыма, у яго нават зламаныя рэбры”.

Как российские солдаты пытали граждан Украины в Беларуси — расследование БРЦ
Спадарожнікавы здымак з лакацыямі, якія займалі расійскія вайскоўцы ў Нароўлі ў пачатку 2022 года. 1 — тэрыторыя прадпрыемства "Прыпяцкі альянс" (належала арганізацыі да 16.06.2022); 2 — тэрыторыя ГП "Жылкамбуд" (да студзеня 2022 — "Нараўлянская перасоўная механізаваная калона № 107"); 3 — тэрыторыя "Нараўлянскага дзяржаўнага каледжа"; 4 — тэрыторыя філіяла аўтобуснага парку № 2 ГП "Гомельаблаўтатранс" / Калаж БРЦ

Падобнае апісанне даў украінскі вайсковец Віктар, які трапіў у палон прыкладна ў той жа час. Ён таксама казаў пра тэрыторыю, падобную на буйны калгас, запоўненую ваеннай тэхнікай, у тым ліку танкамі і савецкімі зенітнымі ўстаноўкамі.

Катаванне арыштаваных

Нароўля, невялікі горад на поўдні Беларусі, ператварыўся ў месца, дзе катаванні сталі звычайнай справай. Праваабаронцы адзначаюць: сюды масава звозілі палонных украінцаў. 

Юрыстка Юлія Палехіна з праваабарончай групы “СІЧ” расказвала пра 24-гадовага хлопца, якога затрымалі разам з бацькам. Яны трапілі ў Нароўлю, дзе зазналі жорсткія допыты.

Журналіст-расследавальнік Дзмітрый Джулай падкрэслівае: Нароўля стала першым пунктам для палонных з Кіеўскай вобласці. У фільтрацыйным лагеры, паводле яго словаў, асаблівую жорсткасць дэманстравалі да цывільных, у тым ліку жанчын і дзяцей.

У ліпені 2022 года экспертка Генштаба Украіны Ірына Баданава заяўляла, што ў Нароўлі адбываюцца страшныя здзекі з цывільных закладнікаў і што Беларусь будзе прыцягнутая за гэта да адказнасці.

Каардынаты катоўні

Журналісты БРЦ, выкарыстоўваючы спадарожнікавыя здымкі Planet Labs, знайшлі некалькі лакацый у Нароўлі, дзе канцэнтравалася расійская тэхніка. Сярод іх — тэрыторыі дзяржпрадпрыемстваў, такія як “Нараўлянская перасоўная механізаваная калона № 107” і “Прыпяцкі альянс”.

Ключом да разгадкі сталі кадры расійскага тэлеканала НТВ. На відэа відаць будынак з разбураным дахам, палаткі і КАМАЗы. Супаставіўшы гэтыя звесткі з апісаннямі палонных, журналісты пацвердзілі, што лагер знаходзіўся на тэрыторыі “Прыпяцкага альянсу”.

Как российские солдаты пытали граждан Украины в Беларуси — расследование БРЦ
Спадарожнікавы здымак Planet Labs PBC. 1 — будынак з характэрна разбуранай дахам і палявая палатка справа ад яго; 2 — палявая палатка з відэа медыя РІА Навіны / Калаж БРЦ

На гэтай жа тэрыторыі былі чуваць крыкі людзей, якіх, паводле былога палоннага Багдана Лысенкі, “білі да страты прытомнасці”. Лысенка ўспамінае, што цывільныя пакутавалі больш за ўсіх: “А цывільных там білі дай божа... То-бок там пастаянна былі чуваць крыкі”.

Адказнасць рэжыму і міжнароднае права

Факт вывазу ўкраінскіх цывільных і іх утрымліванне ў лагерах на тэрыторыі Беларусі парушаюць Жэнеўскую канвенцыю. Юрыст Кацярына Дэйкала тлумачыць: "Прымусовае перамяшчэнне цывільных з акупаваных тэрыторый — гэта міжнароднае злачынства. Асабліва калі гаворка пра дзяцей. Такія дзеянні ніяк не могуць быць апраўданыя”.

Эксперты The Reckoning Project заяўляюць, што цывільныя і вайскоўцы не могуць утрымлівацца ў адных лагерах, а самі ўмовы знаходжання ў Нароўлі цягнуць на ваеннае злачынства.

Праваабаронцы ўскладаюць адказнасць за тое, што адбываецца, на Аляксандра Лукашэнку. Як падкрэслівае юрыстка Юлія Палехіна, “стварэнне фільтрацыйных лагераў немагчымае без згоды ўладаў. Калі людзей катуюць і не аказваюць меддапамогі — гэта злачынства, за якое павінныя адказаць як выканаўцы, так і арганізатары”.

БРЦ спрабаваў атрымаць каментар ад прадстаўнікоў беларускіх уладаў, але адказу не дачакаўся.

Лёс вязняў нараўлянскага лагера

Ларыса Ягадзінская, маці дваіх братоў з сяла Аранае, дагэтуль чакае вяртання старэйшага сына. Ён знаходзіцца ў расійскай калоніі і лічыцца сведкам. Сустрэча з ім застаецца пад пытаннем, як і лёс многіх іншых людзей, якія прайшлі праз фільтрацыйны лагер у Нароўлі.

З моманту затрымання мужчыны прайшло ўжо больш за два гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі