Камітэт салідарнасці з Украінай дашле назіральнікаў на выбары прэзідэнта
Пра гэта Еўрарадыё распавёў прадстаўнік грамадскага камітэта Віталь Рымашэўскі.
Па яго словах, перамовы з патэнцыйнымі назіральнікамі яшчэ ідуць.
Віталь Рымашэўскі: "Зараз ідуць перамовы, ёсць людзі, гатовыя як валанцёры адправіцца. Мы вядзем перамовы таксама з праваабарончымі арганізацыямі, каб гэта было скаардынавана — з Беларускім хельсінкскім камітэтам і іншымі. Я думаю, мы адправім максімальную колькасць тых, хто пажадае і будзе здольны матэрыяльна аплаціць сабе дарогу і гэтак далей".
Ліст у ЦВК Украіны арганізатары плануюць накіраваць праз тыдзень. Па словах Рымашэўскага, назіральнікі будуць не доўгатэрміновымі, а толькі на некалькі дзён.
Нагадаем, што прэзідэнцкія выбары ва Украіне павінны адбыцца 25 траўня.