У Беларусі ліквідавалі аб'яднанне, якое выступала "за праваслаўную адукацыю"
Святар у школе, ілюстрацыйнае фота
Мінскі абласны суд задаволіў позву Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Бацькі і настаўнікі за адраджэнне праваслаўнай адукацыі". Пра гэта паведамляе рэсурс "Хрысціянская візія".
Аб'яднанне з'явілася ў пачатку 2000-х гадоў. Яго задачамі было прасоўваць праваслаўе ў школах і ў перспектыве стварыць праваслаўныя школы. Арганізацыя таксама выступала супраць палавой асветы і размоў у школе аб правах дзіцяці.
Некаторы час аб'яднанне працавала пры выдавецтве Беларускага Экзархата. Старшынём савета аб'яднання тады быў кіраўнік выдавецтва Уладзімір Грозаў, якога ў 2018 годзе судзілі паводле абвінавачання ў крадзяжы, ухіленні ад выплаты мытных плацяжоў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў і прысудзілі да 7 гадоў калоніі. Пазней Грозаў быў памілаваны паводле ўказу Лукашэнкі.
Грозава знялі з пасады кіраўніка выдавецтва ў 2014 годзе. Тады ж яго пазбавілі паўнамоцтваў старшыні савета аб'яднання. З тых часоў арганізацыі практычна не працавала, адзначае "Хрысціянская візія". Але ў рамках барацьбы з усімі недзяржаўнымі аб'яднаннямі беларускія ўлады, мабыць, вырашылі канчаткова ліквідаваць і праваслаўную арганізацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.