Экс-кіраўнік выдавецтва Экзархата Грозаў памілаваны ўказам Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка сваім указам памілаваў Уладзіміра Грозава, былога кіраўніка выдавецтва Беларускага Экзархата. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў сын памілаванага Серафім Грозаў
"Уладзімір Усеваладавіч Грозаў вызвалены асабістым указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Шчыра дзякую ўсім, хто падтрымліваў, аказваў дапамогу ў гэтыя няпростыя гады", — напісаў ён.
Грозаў быў затрыманы на мяжы ў снежні 2016 года, калі збіраўся з'ехаць з Беларусі. Экс-сілавіка, які 16 гадоў праслужыў у праваслаўнай царкве, абвінавацілі ў крадзяжы грошай. Спярша БПЦ вінаваціла яго ў крадзяжы 750 тысяч долараў, аднак у першы ж дзень суда адмовілася ад гэтых прэтэнзіяў.
На судзе Грозаў не прызнаў сваёй віны і заявіў, што "верай і праўдай служыў Беларускай праваслаўнай царкве". Ён спасылаўся на тое, што ў 2010 годзе атрымаў з рук Лукашэнкі ўзнагароду "За духоўнае адраджэнне".
Падчас суда абвінавачанне Грозаву было перакваліфікаванае з крадзяжу ў асабліва буйным памеры на махлярства. Сума шкоды знізілася з 12 мільярдаў рублёў да двух. У яго абарону на судзе выказваўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Тым не менш, у верасні 2018 года cуд Заводскага раёна Мінска прызнаў Грозава вінаватым у махлярстве ў асабліва буйным памеры, ухіленні ад выплаты мытных плацяжоў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Яго асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.