Канапацкая сказала, чаму не выдаляе з сацсетак здымкі з БЧБ-сімволікай

Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая / фота з яе акаўнту ў Інстаграме

Палітык Ганна Канапацкая не чысціць свае сацсеткі ад здымкаў з нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікай. Таксама там можна пабачыць герб "Пагоня" і лагатыпы беларускіх СМІ, якія рэжым Лукашэнкі прызнаў "экстрэмісцкімі".

У інтэрв'ю сайту tochka.by Канапацкая, якая сёлета прэтэндуе на прэзідэнцкую пасаду, каментуе свае здымкі: "Законы Беларусі, як і любой іншай дэмакратычнай краіны, не маюць зваротнай сілы. Калі вы звернеце ўвагу на даты фатаграфій, якія стаяць, публікацыі зробленыя ў той момант, калі гэтыя сімвалы было дазволена выкарыстоўваць у Беларусі".

Між тым звычайна беларусаў судзяць і караюць нават за падобныя здымкі і рэпосты, не зважаючы на даўнасць тэрміну. У судах такія здымкі ў сацсетках кваліфікуюць як "правапарушэнне, якое працягваецца".

У 2021 годзе Генпракуратура пачала працэдуру прызнання нацыянальнага сцяга "экстрэмісцкім". Не зважаючы на тое, што ў 1991-1995 гадах (у тым ліку пры Лукашэнку) ён быў дзяржаўным сімвалам Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі