Кандыдат у дэпутаты Мінгарсавета: “Усе праграмы — гэта брахня!”

“Ведаеце, канкрэтнай нейкай праграмы кандыдата няма. Хіба што Яўген Анатольевіч у сябе ў акрузе праводзіць нешта. Давайце я ваш тэлефон запішу і калі ён з’явіцца ў офісе, то вам пазвоніць і самі ўсё запытаецеся”, — расказвае мне сакратарка Ліберальна-дэмакратычнай партыі, куды тэлефаную, каб даведацца праграму кандыдата Яўгена Крыжаноўскага.

У цэнтральны офіс самай вялікай беларускай палітычнай партыі я звяртаюся вымушана. Бо мне, выбаршчыку, знайсці праграму кандыдата — той яшчэ квэст. У паштовыя скрынкі кідаюць толькі кароткую інфармацыю аб кандыдатах — дату нараджэння, фота, прыбытак за год і наяўнасць жонкі альбо мужа ды дзяцей. Усё! У лепшым выпадку яшчэ членства ў палітычнай партыі.

Па хоць нейкую інфармацыю іду на ўчастак для датэрміновага галасавання. Але і там бачу толькі здымкі кандыдатаў Крыжаноўскага, Бабка і Талкачова.

“Гэта ўсё, што мы маем. Што далі, тое і выставілі. Хочаце, галасуйце так. Не хочаце — не галасуйце”, — чую я ад сакратаркі камісіі. Іду шукаць кандыдацкія ўлёткі па пад’ездах. Заглядваю нават у сметніцы ў дварах — марна. На вочы трапляюцца толькі плакаты з заклікам прыходзіць на выбары 23 сакавіка. А яшчэ даходзіць знакамітая ўжо эсэмэска ад ЦВК з такім самым зместам.

Кандыдат Яўген Крыжаноўскі расказвае, што падчас агітацыі і ён, і яго калегі па партыі аддаюць перавагу… відовішчам.

“Мы правялі ўжо некалькі мітынгаў. Я падкрэсліваю: не пікетаў, а мітынгаў. Бо пікеты ў мяне кожны дзень ідуць. Толькі вось сёння я адмяніў — трэба на гастролі ў Шчучын ехаць”.

На думку Крыжаноўскага, пісаць ва ўлётках праграму і план дзеянняў на некалькі гадоў — справа марная. Маўляў, усё адно ж гэтыя абяцанні потым не выконваюцца. “Адна брахня”, — катэгарычны Крыжаноўскі. Куды важней, гаворыць кандыдат, запомніцца выбаршчыкам у яскравым вобразе.

“Мы запрашалі і казакоў, і цыганоў. Гарманіст у нас іграе! І самае галоўнае — наша фішка, як зараз модна гаварыць — гукаўзмацняльная апаратура. Калонкі, мікрафоны. Больш ніхто такога не выкарыстоўвае”.

Дзеля чысціні эксперыменту спрабую пагаварыць і з канкурэнтамі Крыжаноўскага на выбарах — намеснікам генеральнага дырэктара “Мілавіцы” па ідэалагічнай працы Ігарам Бабком, а таксама з рэктарам “Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі работнікаў Мінпрацы” Валерыем Талкачовым. Але марна. Знайсці іх не так проста, як шоўмэна Крыжаноўскага. Дарэчы, у Крыжаноўскага лістоўкі ўсё ж ёсць. Але замест праграмы гумарыст абяцае нешта іншае.

“У мяне лістоўка вельмі простая — калі вы стаміліся ад нявыкананых абяцанняў, калі вы не можаце знайсці свайго дэпутата, калі вам няма каму дапамагчы — галасуйце за Крыжаноўскага. Вам будзе з каго спытаць”.

Так што прыходзіцца галасаваць без перадвыбарных праграм — кіруючыся ўнутранымі сімпатыямі і прадчуваннямі. А таксама якасцю кандыдацкіх фотаздымкаў.

Фота ideaby.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі