Карбалевіч: Выбары для Качанавай — урачысты рытуал

Наталля Качанава падчас адной са сваіх рабочых паездак / Белта

Наталля Качанава падчас адной са сваіх рабочых паездак / Белта / Белта

Выбары для Наталлі Качанавай — урачысты рытуал, які не мае ніякага дачнення да волевыяўлення народа, піша ў калонцы для "Радыё Свабода" палітолаг Валерый Карбалевіч, аналізуючы нядаўнія выказванні правай рукі Аляксандра Лукашэнкі.

Па словах эксперта, у свядомасці старшыні Савета рэспублікі перакулена ўсё з ног на галаву. Качанава кажа, што выбары — гэта свята, урачысты рытуал — "з песнямі, танцамі, буфетамі". Вось як гучала тырада чыноўніцы падчас сустрэчы з удзельнікамі так званых моладзевых саветаў пры Нацыянальным сходзе і мясцовых Саветах дэпутатаў 26 студзеня.

"Наогул выбары ў маёй маладосці — гэта былы Савецкі Саюз... Гэта заўсёды было свята, заўсёды. І думкі пра тое, што ты не пойдзеш на выбары, не было ні ў кога. Наогул ні ў кога. Гэта было „за гранью“. Вось усё, выбары — гэта свята, гэта выбарчыя ўчасткі, гэта з песьнямі, з танцамі, з буфетамі... Усе роўна ішлі на выбары, таму што разумелі, што гэта абавязак, твой святы абавязак. І потым, вось у мяне заўсёды было такое пачуццё... Толькі з пачуццём гонару, з пачуццём таго, што ты ўжо маеш права аддаць свой голас"...

Карбалевіч піша, што гэты экспромт Качанавай цэлая палітычная філасофія. У яе ўяўленні, выбары нішто іншае, як шчодры падарунак дзяржавы для насельніцтва, за які грамадзянін мусіць аддзячыць дзяржаву. То бок, выканаць тэхнічную працэдуру. Яна нічога не гаворыць пра народаўладдзе, якое, як сведчыць Канстытуцыя, акурат рэалізуецца праз выбары. Не тлумачыць, што "гэта спосаб выбіраць уладу, рабіць яе падсправаздачнай, падкантрольнай, змяняльнай". Такія выбары, тлумачыць аналітык, для чыноўніцы непрымальныя, яна пра іх кажа: "Гэта не трэба ператвараць у нейкае бязладдзе („безобразие“)". 

Пры гэтым Валерый Карбалевіч адзначае шчырасць выказвання Качанавай. Маўляў, за час пасля пратэстаў 2020 года рэжым пабудаваў такую сістэму, калі чыноўнікам больш не трэба прыкідвацца — можна быць натуральнымі, не гуляць у дэмакратыю, не думаць, а што скажа Захад ці АБСЕ.

"Таму Лукашэнка ўголас шкадуе, што ў новай Канстытуцыі не адмянілі ўсенародныя выбары прэзідэнта. А Качанава апавядае, якая насамрэч роля адведзена грамадству ў новай палітычнай сістэме. Вось такая цяпер яна, "дзяржава для народа", — рэзюмуе палітолаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі