Кастусёў перадаў у Адміністрацыю прэзідэнта ідэі па святкаванні 100-годдзя БНР

Кастусёў перадаў у Адміністрацыю прэзідэнта ідэі па святкаванні 100-годдзя БНР

Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 14 снежня правёў сустрэчу ў Адміністрацыі прэзідэнта наконт святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, піша nn.by.  

На сустрэчу палітык адправіўся разам з мастаком Міколам Купавам. Прыняў іх начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Аляксандр Ільясевіч. Па словах Кастусёва, прыёму ён дамагаўся працяглы час: пісаў электронныя лісты, тэлефанаваў. 

"Мы перадалі сем з паловай аркушаў прапановаў адносна святкавання даты 25 Сакавіка. Гэта і ўсталяванне памятных шыльдаў на дамах, звязаных з БНР, і сумеснае святкаванне незалежнага грамадства і ўладаў, і правядзенне супольнага палітдня на прадпрыемствах на тэму БНР, і шмат усяго іншага", — паведаміў старшыня Партыі БНФ.

Прадстаўнік Адміністрацыі, па словах Кастусёва, выказваў зацікаўленасць падчас сустрэчы, задаваў шмат пытанняў. "Таксама мы адзначылі, што не мусіць паўтарыцца той сцэнар 25 Сакавіка, які быў сёлета, калі дэманстрантаў разагналі з цэнтру горада. Агулам сустрэча доўжылася каля гадзіны", — дадае Кастусёў.

Ільясевіч збіраецца перадаць прапановы Кастусёва і Купавы кіраўніку Адміністрацыі Наталлі Качанавай. Адказ улады абяцаюць даць цягам 14 дзён.

Таксама Кастусёў перадаў прапановы па адзначэнні 100-годдзя БНР у Савет міністраў і Мінгарвыканкам. Рыхтуюцца прапановы для МЗС, Мінкульту, Акадэміі навук ды іншых дзяржаўных структураў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі