КДБ канчаткова забраў дамен TUT.by ва ўладальнікаў — Яўгенія Чарняўская
Офіс TUT.by
КДБ Беларусі забраў ва ўладальнікаў дамен TUT.by. Пра гэта ў сацсетках напісала Яўгенія Чарняўская — дачка заснавальніка партала Юрыя Зісера.
Таксама КДБ забраў і іншыя звязаныя дамены, што належалі сям'і Зісера і заснаванай ім кампаніі — afisha.by, jenny.by, newstut.by, rebenok.by, tutby.by.
"Усё адбылося за паўтара тыдня ў аднабаковым парадку без варыянтаў рашэння. Ну, гэта значыць з варыянтам, вядома — "з'явіцца асабіста ў офіс рэгістратара для ліквідацыі парушэнняў". Варыянт перадаць пашпарт і адправіць чалавека з даверанасцю для зверкі пашпартных звестак беларускім уладам не пасаваў. Яны вельмі хацелі мяне бачыць асабіста. Засумавалі! Койку ў СІЗА вызваляць, час на допыты вылучаць у прайм-тайм", — каментуе Чарняўская.
Сама яна даўно жыве ў Ізраілі, а нядаўна за мяжу выехала і яе маці, удава Зісера Юлія Чарняўская.
Фармальным парушэннем, за якое ўчапіліся спецслужбы, сталі няправільныя пашпартныя звесткі ў асабістым кабінеце hoster.by. Як піша Чарняўская, пры спробе выправіць гэтыя звесткі яны ўсё адно ператвараліся ў няправільныя. Звароты ў службу падтрымкі hoster.by плёну не далі.
Партал TUT.by быў найбольш папулярным у Беларусі. Яго заснавальнік і ўладальнік даменаў Юрый Зісер памёр пасля цяжкай хваробы 17 траўня 2020 года. Сам партал быў знішчаны ўладамі ў траўні 2021 года. Шмат супрацоўнікаў былі арыштаваныя. Асудзілі, аднак, толькі дырэктарку партала Людмілу Чэкіну і галоўную рэдактарку Марыну Золатаву — ім прысудзілі па 12 гадоў зняволення. Частка былых супрацоўнікаў аб'ядналася вакол сайта "Зеркало".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.