КХЛ забараніла мінскаму "Дынама" выкарыстоўваць беларускую мову?
Падчас прэс-канферэнцый. Пра гэта паведаміў беларускі журналіст Вячаслаў Федарэнкаў.
Кантынентальная хакейная ліга забараніла мінскаму "Дынама" выкарыстоўваць беларускую мову падчас прэс-канферэнцый. Пра гэта распавёў беларускі журналіст Вячаслаў Федарэнкаў.
"Яшчэ адна КХЛаўская навіна апошняга тыдня са знакам "мінус" — фактычна забарона Масквы на выкарыстанне беларусамі беларускай мовы, — цытуе словы Федарэнкава tribuna.com. — Спакваля гэта здарылася яшчэ некалькі гадоў таму, калі ліга пераходзіла на лацінку пры напісанні прозвішчаў на джэрсі гульцоў і засекла ініцыятыву Мінска выкарыстоўваць беларускую транскрыпцыю.
І вось — новае: на трэці год пачуўшы, што выступы на трэнерскіх брыфінгах гучаць на мове Купалы, ліга нечага псіханула, вынесла "зубрам" "строгае з папярэджаннем", паабяцаўшы далей караць расійскім рублём.
Не ведаю, як у каго, а ў мяне гэта выклікала абуранае "чаго?!". І таму што сумняюся: наўрад ці аналагічную прынцыповасць Масква рызыкне праявіць у дачыненні, скажам, Хельсінкі або Заграба. І таму, што на секунду ўявіў, як НХЛ, напрыклад, забараняе "Манрэалю" выкарыстоўваць французскую.
Пакуль не ведаю афіцыйнай пазіцыі дынамаўскага кіраўніцтва на гэты конт, але на яго месцы, прынамсі, паспрабаваў бы пазмагацца. Хоць бы з пачуцця нацыянальнага гонару. Калі перашкаджаюць нейкія пункты рэгламенту (зноў жа дзіўна, што пра іх КХЛ узгадала на трэці год), трэба дамагацца яго змянення або агаворак для нерасійскіх клубаў, якія спакойна існуюць у частцы легіянерскага ліміту.
Балазе ёсць з кім у гэтай частцы сабраць кааліцыю, ды і самі па сабе мы ў міжнароднай лізе — не свінячы хвосцік. А то так і будзем займацца чыстапісаннем. Хай і на гербавай паперы, але на чужой, на што яе ўладальнік будзе паказваць пры любым зручным выпадку. А яно нам трэба?..".