Кіраўнік IIHF Рэнэ Фазель абурыўся заменай беларускага сцяга на ЧС у Рызе

У цэнтры Рыгі паднялі бел-чырвона-белы сцяг з "Пагоняй" /​ twitter.com/edgarsrinkevics
У цэнтры Рыгі паднялі бел-чырвона-белы сцяг з "Пагоняй" /​ twitter.com/edgarsrinkevics

Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) адправіла ліст мэру Рыгі ў сувязі з заменай беларускага сцяга на чэмпіянаце свету. Пра гэта паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на кіраўніка IIHF Рэнэ Фазеля.

Гэтымі днямі ў сталіцы Латвіі праходзіць чэмпіянат свету па хакеі. Напярэдадні ў цэнтры Рыгі, дзе ўсталяваныя сцягі краін-удзельніц турніру, быў заменены беларускі сцяг. Замест чырвона-зялёнага быў узняты бел-чырвона-белы. "Сцяг, які сімвалізуе рэжым, што ажыццяўляе дзяржаўны тэрарызм, недарэчны ў гарадскім асяроддзі Рыгі — таму мы яго знялі!", —  патлумачыў гэты крок мэр горада Марціньш Стакіс.

"Мы адправілі ліст мэру Рыгі. Гэта непрымальна для нас", — адрэагаваў на гэта Рэнэ Фазель. Па яго словах, на лядовай арэне сцягі мяняць не будуць. Больш за тое кіраўніцтва IIHF папрасіла прыбраць сцягі чэмпіянату свету і Федэрацыі "з тых пазіцый, дзе ў Рызе памянялі сцягі".

Пры гэтым беларуская каманда працягвае выступ на чэмпіянаце. І яе выключэнне з улікам ускладнення адносін паміж краінамі не разглядаецца, заявіў у інтэрв'ю агенцтву ЛЕТА прэзідэнт Федэрацыі хакея Латвіі Айгарс Калвіціс, паведамляе ТАСС.

"Мы сябры адной хакейнай сям'і. Ні ў якім выпадку", — сказаў Калвіціс.

Пасля замены беларускага сцяга ў цэнтры Рыгі пасол Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семаніс быў выкліканы ў беларускі МЗС — дыпламатам і супрацоўнікам амбасады далі 48 гадзін, каб пакінуць краіну. Дазволілі пакінуць аднаго чалавека, які зможа сачыць за будынкам. У адказ Латвія абвясціла аб высылцы беларускага часовага паверанага і ўсіх дыпламатаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі