Кватэру Валерыя Цапкалы ў Мінску выставілі на аўкцыён
У Мінску прадаюць кватэру Валерыя Цапкалы з машына-месцам
Рэжым Лукашэнкі выставіў на аўкцыён "БелЮрЗабеспячэння" маёмасць Валерыя Цапкалы — трохпакаёвую кватэру з машына-месцам у Мінску.
Кватэра размяшчаецца ў доме №5 на вуліцы Чарнышэўскага, у ёй прапісаны адзін чалавек. Агульная плошча жылля — 103,7 квадратнага метра.
У кватэры ёсць убудаваныя шафы, кандыцыянер, кухонны гарнітур, выцяжка, варачная панэль. Разам з ёй прадаецца і парковачнае месца на падземнай аўтастаянцы.
Пачатковы кошт маёмасці — 358 442 рублёў 20 капеек (крыху больш за 100 тысяч долараў). Аўкцыён прызначаны на 27 лютага.
Валерый Цапкала раней кіраваў Паркам высокіх тэхналогій. У 2020 годзе прыняў удзел у прэзідэнцкай гонцы. Аднак ЦВК не зарэгістравала яго кандыдатам, заявіўшы, што пасля праверкі сабраных подпісаў аказалася менш за 100 тысяч. Пасля гэтага ягоная жонка Вераніка далучылася да аб'яднанага штабу Святланы Ціханоўскай.
Сам Цапкала пакінуў Беларусь у ліпені 2020 года, асцерагаючыся пераследу. 9 жніўня з Беларусі выехала і Вераніка.
Рэжым Лукашэнкі завочна прысудзіў Валерыю Цапкалу 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Гэта не першы выпадак, калі ў Беларусі прадаюць маёмасць палітычных уцекачоў. Раней праз аўкцыён прадалі кватэру Ціханоўскіх — праўда, зрабіць гэта здалося толькі з трэцяй спробы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.