Літва зрабіла больш жорсткімі патрабаванні да вывазу аўтамабіляў у Беларусь
На мяжы
Увоз аўтамабіляў з Літвы ў Беларусь ва ўзросце да 5 гадоў фактычна забаронены, піша "Наша Ніва" са спасылкай на перагоншчыкаў, якія сутыкнуліся з новымі праблемамі пры афармленні аўто на мяжы.
Новыя правілы вывазу з тэрыторыі краіны ў Беларусь аўтамабіляў Літва ўвяла з 4 чэрвеня. Нагадаем, да гэтага часу (з 23 сакавіка) асаблівыя патрабаванні ўжывалі толькі да аўтамабіляў з аб'ёмам рухавіка больш за 1,9 літра або даражэй за 50 тысяч еўра. Цяпер гэтыя патрабаванні распаўсюдзілі на ўсе аўто з Еўропы, ЗША ці іншых краін (незалежна ад кошту і аб'ёму рухавіка) не старэйшыя за 5 гадоў.
Згодна з гэтымі патрабаваннямі, аўтамабіль павінен быць аплочаны з беларускага банка. Усе дакументы (дагавор куплі-продажу, плацёжка, инвойс і экспартная дэкларацыя) павінны быць аформлены на пакупніка з Беларусі. Акрамя таго, пакупнік павінен падаць гарантыйны ліст, што купляе аўто для асабістага карыстання на тэрыторыі Беларусь, і што аўто не будзе перапрадаць у Расію. Патрэбна папера і ад прадаўца — пра тое, што ён ведае, кім з'яўляецца пакупнік. З 4 чэрвеня, каб вывезці аўто з ЕС, літоўскія мытнікі сталі патрабаваць яшчэ і дэкларацыю ад вытворцы.
"З ночы машыны маладзейшыя за 5 гадоў не выпускаюць, нават калі ў іх ужо былі аформленыя экспартныя. Таксама мытня ў Літве з сённяшняга дня не адкрывае EX (экспартныя дэкларацыі) на любыя аўтамабілі маладзейшыя за 5 гадоў. Гэта фактычна поўная забарона на імпарт такіх аўто ў Беларусь", — распавёў выданню мужчына, які займаецца перагонам машын. Паводле яго інфармацыі, аналагічная сітуацыя склалася і на польскай мяжы. Польская мытня афармляе экспартныя дэкларацыі толькі на машыны старэйшыя за 5 гадоў.
Суразмоўца выдання адзначыў, што атрымаць дэкларацыю ад вытворцы змогуць толькі афіцыйныя дылеры, якія легальна пастаўляюць новыя машыны ў Беларусь. Нагадаем, забарона на ўвоз машын з аб'ёмам рухавіка больш за 1,9 літра і коштам больш за 50 тысяч еўраў была звязаная з санкцыямі ЕС супраць Расіі.
"Але гэты закон больш жорсткі, бо не падзяляе машыны па цане і аб'ёме рухавіка. Гэта значыць, ён больш строгі, чым самі санкцыі, бо пашыраны пакет дакументаў цяпер патрабуюць і на тыя машыны, што не знаходзяцца пад агульнымі санкцыямі ЕС", — заўважыў мужчына.
На сайце літоўскай мытні гаворыцца, што новыя правілы прынялі адразу пяць краін ЕС. Як мяркуецца, да пагаднення далучыліся краіны, якія маюць агульную мяжу з Беларуссю і / або Расіяй. Гэта Польшча, Літва, Латвія, Эстонія і Фінляндыя. Дакумент падпісалі 9 траўня, але апублікавалі 3 чэрвеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.