Лукашэнка гаварыў, што $50 млн — "гэта слёзы", а ў выніку атрымалася $265 млн
Беларусь нечакана шмат сродкаў патраціла на падрыхтоўку II Еўрапейскіх гульняў. 26 чэрвеня міністр фінансаў Максім Ермаловіч агучыў гэтую лічбу, выступаючы перад дэпутатамі — 540 мільёнаў рублёў (гэта каля 265 мільёнаў долараў). Паводле яго слоў, з гэтай сумы 266 млн рублёў ($130 млн) — бюджэтныя сродкі.
Цікава, што ў лістападзе 2016-га Аляксандр Лукашэнка вельмі аптымістычна глядзеў на падрыхтоўку Еўрагульняў. Выступаючы перад работнікамі "Магілёўхімвалакна", ён шмат гаварыў пра тое, што прыедуць з замежжа турысты і "прывязуць грошы".
"Мы палічылі, мы ў плюсе нават будзем, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Будзем у плюсе ад "Алімпіяды". Нам трэба будзе патраціць дзесьці мільёнаў пад 50 [долараў] за гэтыя гады. Гэта слёзы для краіны. Для таго, каб там дзесьці нешта "падмарафеціць". А можа і таго не трэба".
Ён адзначыў, што ў Баку на падрыхтоўцы адкрыцця I Еўрагульняў патрацілі 100 мільёнаў долараў. "У нас гэтага не будзе", — паабяцаў Лукашэнка.