Лукашэнка — пра "зачыстку" ў Беларусі: "Цяпер працэс пайшоў жорстка"
10 чэрвеня, выступаючы на "рэспубліканскім семінары-нарадзе" чыноўнікаў, Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра рэпрэсіі, якія не спыняюцца ў Беларусі. У прыватнасці, гаварыў пра грамадзянскую супольнасць і яе "зачыстку".
"Аказваецца, гэтыя НКА [некамерцыйныя арганізацыі], таварыства абароны сабачак, катоў, жывёл ніколі нікога і не абаранялі. І не збіраліся абараняць, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Пад гэтай моднай шыльдай нам падкідвалі (а мы радаваліся) палітычна ангажаваных людзей".
У выніку з імі ўладам давялося змагацца ад 2020 года. "Балазе цяпер працэс пайшоў жорстка, — працягвае Аляксандр Лукашэнка. — Я хацеў бы, каб улада разумела, што грамадства павінна быць зачышчана ад гэтых нягоднікаў".
У Беларусі не толькі затрымліваюць, судзяць іншадумцаў, але і практыкуюцца пагромы ў жыллі палітычных эмігрантаў. Больш таго, апошнім рэгулярна пагражаюць. А яшчэ ўлады збіраюцца ліквідаваць незалежныя прафсаюзы.
У Мінюсце "зачыстку" грамадзянскай супольнасці назвалі... "інвентарызацыяй". Вясной 2022-га ліквідавалі нават прыродаахоўную арганізацыю "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.