У Беларусі збіраюцца ліквідаваць непадкантрольныя ўладам прафсаюзы
У Беларусі збіраюцца ліквідаваць непадкантрольныя ўладам прафсаюзы. Генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заявы аб спыненні дзейнасці некалькіх незалежных структур. Прэс-служба Генпракуратуры іх пералічвае: Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў, Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў і інш., Беларускі прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.
Сцвярджаецца, што "з 2020 года дзейнасць асобных прафсаюзаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь набыла палітызаваны характар". Іх сябры займаліся "дэструктыўнай дзейнасцю", удзельнічалі ў "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах", распаўсюджвалі "экстрэмісцкую прадукцыю". Былі распачаты крымінальныя справы.
Відаць, улады Беларусі ўжо не хвалюе, якая будзе міжнародная рэакцыя на такую "зачыстку".
Масавыя затрыманні актывістаў незалежных прафсаюзаў прайшлі ў Беларусі ў красавіку. Праваабаронцы прызналі затрыманых палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.