Лукашэнка прымярае ролю пасярэдніка паміж Масквой і Кіевам?
Масква не адрэагавала на сустрэчу Турчынава і Лукашэнкі, бо плануе выкарыстаць яго ў якасці свайго пасярэдніка, лічаць расійскія палітолагі.
Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі Генасамблеі ААН па Украіне і фактычна падтрымала Расію ў расійска-ўкраінскім канфлікце. А праз некалькі дзён кіраўнік Беларусі сустрэўся з выканаўцам абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым, і яны “знайшлі паразуменне па ўсіх хвалюючых пытаннях”. Крэмль гэтую сустрэчу ніяк не пракаментаваў.
Але ці адзначае адсутнасць рэакцыі, што беларуска-ўкраінская сустрэча прайшла для Масквы незаўважна?
Дацэнт кафедры паліталогіі Маскоўскага інстытута міжнародных адносінаў Кірыл Коктыш упэўнены: нягледзячы на тое, што публічнай рэакцыі на сустрэчу Лукашэнкі і Турчынава няма, сваім маўчаннем на сам факт такой сустрэчы Крэмль адрэагаваў пазітыўна.
Кірыл Коктыш: “Бо патлумачыць і растлумачыць украінцам і ўсім астатнім на постсавецкай прасторы, што рухавіком расійскіх дзеянняў было супрацьстаянне, наколькі яно было абгрунтаваным — іншае пытанне, з NATO, а не з кім-небудзь яшчэ, бо баяліся, што NATO апынецца ў Крыме вельмі хутка — гэта цяжка. І вуснамі Масквы гэта амаль немагчыма зрабіць. А калі гэта здолее зрабіць Лукашэнка, а ён, гледзячы па ўсім, здолее гэта зрабіць, то гэта будуць яго бонусы, яго заслугі”.
Кірыл Коктыш
Якімі скарыстаюцца ў Крамлі. Суразмоўца Еўрарадыё нагадвае, што напярэдадні гэтай сустрэчы ў эфір украінскай праграмы “Шустэр Lіve” выйшла інтэрв’ю кіраўніка Беларусі, якое паказалі практычна па ўсіх расійскіх каналах. Нягледзячы на тое, што падтрымкі дзеянняў Расіі ў Крыме Лукашэнка не выказаў. Зрабіць гэта без дазволу з Крамля расійскія СМІ не маглі. А значыць, не асудзяць гэтую сустрэчу. Больш за тое, на кіраўніка Беларусі могуць ускласці ролю пасярэдніка ў расійска-украінскіх перамовах.
Кірыл Коктыш: “Ён стаў у пазіцыю таго самага пасярэдніка, без якога два бакі не могуць дамаўляцца. Лукашэнка можа быць даволі зручным і куды больш камфортным суразмоўцам і для Масквы, і для Кіева ў параўнанні з прамымі размовамі зараз”.
Дырэктар фонду “Цэнтр палітычных даследаванняў “Кансалтынг”, былы намеснік міністра замежных спраў Расіі Андрэй Фёдараў сцвярджае: ніякай публічнай рэакцыі Крамля на гэтую сустрэчу і не павінна быць. Найперш таму, што ў Маскве выдатна разумеюць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. А канфлікт з Украінай, закрыццё межаў, розныя санкцыі гэтым інтарэсам не адпавядаюць.
Андрэй Фёдараў: “Па-другое, мы зараз таксама пачынаем шукаць шляхі для нефармальнага пакуль дыялогу з Кіевам. І зараз для нас пазітыўная любая інфармацыя. Кантакт Лукашэнкі з Турчынавым дае магчымасць для атрымання больш аб’ектыўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Кіеве, што плануецца”.
Андрэй Фёдараў
Але гэта зацікаўленасць не азначае, што Крэмль прыме асобу Лукашэнкі ў якасці пасярэдніка.
Андрэй Фёдараў: “Мы разумеем выдатна, што Украіна знаходзіцца ў транзітным стане. І выйсце з гэтага транзітнага стану магчымае альбо цывілізаванае, у тым ліку і праз рашэнне пра федэралізацыю Украіны, альбо не цывілізаванае — праз канчатковы развал Украіны на некалькі частак”.
А такія рашэнні, кажа Андрэй Фёдараў, павінны прасоўвацца пры пасярэдніцтве крыху іншага ўзроўню палітыка. І прыгадвае сустрэчу міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова з дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры па “ўкраінскай праблеме”.
Джон Кэры і Сяргей Лаўроў
Сустрэча Лаўрова і Кэры — першы крок на шляху да пасярэдніцтва Лукашэнкі, не пагаджаецца з калегам дырэктар паліталагічнага цэнтра “Поўдзень-Поўнач” Аляксей Уласаў.
Аляксей Уласаў: “Пасярэднік мадэруе дыялог, але для гэтага дыялог павінен узнікнуць. Пакуль больш важны момант — тое, што ўчора ноччу казалі Лаўроў і Кэры. А ўжо потым… З гэтага пункту гледжання Лукашэнка, пры пэўнай прамалінейнасці сваёй як палітыка, можа быць, акурат і падыходзіць для такой місіі”.
Аляксей Уласаў
Сустрэча Лукашэнкі з Турчынавым не была ўзгодненая з Крамлём, упэўніваюць суразмоўцы Еўрарадыё, але апошні скарыстаецца яе вынікамі на сваю карысць. Не зважаючы на тое, якія ацэнкі дзейнасці Расіі ў Крыме падчас той сустрэчы гучалі.
Фота: Змітра Лукашука, http://www.vestikavkaza.ru, Белта, http://eurasiainform.md