Лукашэнка: Супрацоўніцтва з ЗША ніколі не выклікала ў нас алергіі
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пазітыў паміж Беларуссю і ЗША стане новым этапам адносін. Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў на сустрэчы з намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам, перадае БЕЛТА.
Лукашэнка: "У Беларусі з заходнім светам, са Злучанымі Штатамі Амерыкі намеціўся нейкі пазітыў. І я б вельмі хацеў, каб гэта быў новы этап у нашых адносінах. Мы гатовыя абмяркоўваць з вамі любыя праблемы. Мы гатовыя супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі. І не толькі таму, што гэта глабальная імперыя, вядучая дзяржава свету, з якой супрацоўнічаюць усе. Але яшчэ і таму, што гэта ў нас ніколі не выклікала алергіі".
Разам з тым кіраўнік Беларусі лічыць, што беларуска-амерыканскія адносіны занадта палітызаваныя. Ён прапанаваў звярнуць свае позіркі найперш на эканоміку і ўзаемны гандаль.
Падчас сустрэчы ўздымалася тэма ваеннага канфлікту ва Украіне. На думку Лукашэнкі, без удзелу ЗША развязаць гэты канфлікт немагчыма.
Беларускі кіраўнік выказаў занепакоенасць так званым прасоўваннем NATO на ўсход. Таксама ён паведаміў пра абаронны характар беларускай ваеннай дактрыны.