Лукашэнка сёння ездзіў па бездарожжы на аўтамабілі Geely EX7 (відэа)
Кіраўнік дзяржавы ў суботу наведаў Барысаў з рабочай паездкай.
Ён пабываў на сумесным беларуска-кітайскім прадпрыемстве "БелДжы", якое выпускае легкавікі Geely. Як паведамляе БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка асабіста пратэставаў новыя легкавікі — ездзіў па горадзе на Geely SC7 (седан) і Geely LC Cross (кампактны хэтчбэк). А новы красовер Geely EX7 Лукашэнка выпрабоўваў на спецыяльным палігоне, дзе былі максімальна адноўлены ўмовы бездарожжа.
Кіраўнік дзяржавы застаўся задаволены тэхнічнымі характарыстыкамі машын. Ён даў даручэнне ўраду прадумаць сістэму стымулявання продажу аўтамабіляў Geely на ўнутраным рынку.
Таксама Лукашэнка наведвае ўрачыстае адкрыццё "Барысаў-Арэны", новага стадыёна БАТЭ. Там сёння пройдзе фінальны матч Кубка Беларусі. Аляксандр Лукашэнка паглядзіць футбол і азнаёміцца з інфраструктурай стадыёна.
Фота — БЕЛТА