Лукашэнка звольніў пасла Беларусі ў Славакіі, які падтрымаў пратэсты
Ігар Ляшчэня / mfa.gov.by
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні ад пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Славацкай Рэспубліцы Ігара Ляшчэні, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. Незадоўга да гэтага кіраўнік дыпмісіі падтрымаў пратэстоўцаў у Беларусі.
15 жніўня Ігар Ляшчэня апублікаваў відэазварот у Youtube, у якім выказаўся ў падтрымку грамадзян, якія выйшлі на мірныя акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. Ён заявіў, што ў шоку ад гісторый пра "катаванні і збіццё" суграмадзян і салідарны з тымі, хто выйшаў на вуліцы беларускіх гарадоў. У сваім другім відэазвароце Ляшчэня заклікаў улады правесці расследаванні ўсіх выпадкаў гвалту над дэманстрантамі.
— У Беларусі ўлада шмат кажа аб умяшанні ва ўнутраныя справы звонку. Як дыпламат са стажам я быў бы здзіўлены, калі б хтосьці на самой справе не паспрабаваў скарыстацца назапашанай у людзей незадаволенасцю. Але намаганні ўсіх сусветных разведак разам узятых не будуць такімі эфектыўнымі, як неадэкватныя дзеянні сілавых структур супраць дэманстрантаў, — такое меркаванне выказаў Ігар Ляшчэня.
18 жніўня Ляшчэня заявіў, што падаў у адстаўку з пасады амбасадара ў Браціславе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.