“Magister Bibendi” ад Trubetskoy. Агляд альбома
За некалькі дзён да афіцыйнага рэлізу Еўрарадыё паслухала дыск Булатнікава і кампаніі і дзеліцца сваімі ўражаннямі.
Дэбютны альбом Trubetskoy “Magister Bibendi” афіцыйна выйдзе 23 кастрычніка. За некалькі дзён да рэлізу ён трапіў у рукі Еўрарадыё, і вось, што мы там пачулі.
“Magister Bibendi”, што перакладаецца з лаціны, як "кіраўнік папойкі" ― татуіроўка з гэтымі словамі набітая на целе ў Паўла Булатнікава. Менавіта так першапачаткова планавалі назваць і новаствораны гурт пасля развалу "Ляпісаў". Аднак лёс адвёў іншую ролю "магістру" — распачаць сольную паўнафарматную дыскаграфію "Трубяцкога". Альбом запісваўся ў Вільні летам гэтага года. Саўнд-прадзюсарам выступіў нарвежац Снорэ Бергеруд, вядомы па працы з сольным праектам Лявона Вольскага і новым альбомам "Крамбамбулі" "Чырвоны штраль".
Супрацоўніцтва нарвежца і беларускіх музыкаў у віленскай студыі дало нечакана круты саўнд-вынік. Яго ўжо можна было пачуць у загалоўнай песні альбома “Magister Bibendi”, кліп на якую выйшаў на пачатку тыдня.
Скажам адразу, для тых, хто чакае ад Булатнікава і кампаніі працягу "Ляпіса Трубяцкога", то забудзьцеся ― "дьявол вырвался из клетки" і знік у невядомым накірунку. Самастойны Trubetskoy паўстае з аднаго боку нечакана цяжкім, з іншага —памаладзеўшым. Кампанія салідных музыкаў пачынае шукаць сябе з чыстага ліста ў сапраўдным падлеткавым стылі. У “Magister Bibendi” Trubetskoy прымярае вобразы з плакатаў, якія віселі ў вас у пакоі, пакуль вы жылі з бацькамі. Карацей, HMR, punks not dead, sex-drugs-rock-n-roll.
А цяпер нашы ўражанні track by track:
1. “Magister Bibendi”
"Наступило время сказок, прямо здесь и прямо сразу, всё меняется, трясётся, звон победы раздаётся", ― такімі словамі стартуе альбом.
Моцна, меладычна, аптымістычна і самаўпэўнена. У прынцыпе, трэк па сэнсе і па гуку задае настрой усяго дыска.
2. "Ева и Адам"
Пачынаецца словамі "Когда Ева Адаму давала... сочным яблочком закусить". Песня пра каханне і Сатану. Пераслухаем 14 лютага. Ці на Хэлоўін...
3. "Лети"
Оў-оў, цішэй! Рэп-кор, ню-метал? ...ну не зусім, але важка. Гук на альбоме зроблены сапраўды раскошна — шчыльна, тлуста, займальна, неяк больш яго і слухаем пакуль). Песенька экзістэнцыяльная і трывожная — пра сталы пабег са змрочнага свету строгага рэжыму.
4. "Капкан"
Па настроі перагукаецца з сінглам Trubetskoy "Горад", які выходзіў раней. Пра падарожжа без лішняй сэнсавай нагрузкі: "Стюардесса, принеси вина!".
5. "Rock'n'Roll"
"Молодость і смерті нет". Песня пра рок-н-рол-лайф-стайл з хэві-металічнай гітарай! Летуценна, калі вам да 20-ці, будзеце рэгулярна напяваць.
6. "Зірниця"
Раней у рэпертуары "Трубяцкіх" з украінамоўнага быў толькі кавер на песню "Наркомани на городі" гурта "Брати Гадюкіни". Цяпер маецца і ўласная — па словах Булатнікава, напісаць тэкст дапамаглі ўкраінскія сябры.
7. "Девятый вал"
Адна з самых моцных кампазіцый на альбоме (текст для яе нечакана для самога сябе напісаў прэс-аташэ гурта Аляксандр Бергер), якая мае шанец стаць народным хітом, які можна спяваць пад гітару, пад гарэлку і пад слязу. Праўда, у песню па-здрадніцку закралася фраза: "Погоня не стоит того, чтоб бежать". Вы чаго гэта, а? А ў сэрцы мячамі?
8. "Гэтым разам"
Матывуючы, мажорны беларускамоўны трэк — хай будзе. Адзін нюанс: пакуль слухаеш, час ад часу перад вачыма загараецца неонавымі пунсовымі літарамі шыльда "беларускі рок". І адкуль ён тут...
9. "Купала"
Патрыятычны беларускі панк-гімн-заклён. Напісалі літоўцы. Літоўцы, Карлас!!! Па-беларуску! Маці-зямля святая, хэй-хоў!
10. "На крестинах Сатаны"
Выдатная аранжыроўка і інструментал. Адзіны нюанс — тут словы ад іншай песні. З аднаго боку, неяк дзіўна, а з іншага... можа, так і трэба? І заўважце — зноў Сатана...
11. "Не пустят в рай"
Вось яшчэ трохі панк-рока з хэві-металам ў кучу. Вельмі крута запісана.
12. "С......"
Кавер на песню Барыса Грабеншчыкова ў падтрымку алкагольнай тэматыкі на альбоме. Паспрабуйце здагадацца, а ўжо неўзабаве спраўдзіце, ці атрымалася.