Магія кінапірацтва. Хто і як дасылае нелегальнае кіно для паказу ў Беларусі
Скрыншот з фільма "Аватар-2"/ Euroradio
На мінулым тыдні мы зрабілі тэкст аб тым, як на кінарынак Беларусі, які перажывае наймацнейшы за тры дзесяцігоддзі ў сваёй гісторыі крызіс праз cаўдзел ва ўкраінскай вайне, зноў трапілі галівудскія блакбастары. Галоўнай яго высновай стала, што беларускія кінатэатры пачалі легальна зарабляць на паказах пірацкага кіно, не інфармуючы аб гэтым факце гледачоў і адмаўляючы СМІ ў афіцыйных тлумачэннях сітуацыі.
Але без адказаў засталіся некалькі важных пытанняў: адкуль узяўся пасярэднік, які прадае беларускім пракатчыкам пірацкія копіі фільмаў, і як тэхнічна выглядае працэс іх стварэння?
У гэтым матэрыяле Еўрарадыё дае адказы на іх, паразмаўляўшы з крыніцамі з кінаасяродку.
Расійскі след
Пачнем спачатку з таямнічга пасярэдніка, які дасылае кінатэатрам “піраткі”.
Каб растлумачыць нашу тэорыю, трэба даць трошкі кантэксту постсавецкага кінабізнесу. У Беларусі ён утварыўся пасля развалу савецкай сістэмы кінапракату ў другой палове 1990-х гадоў. І паколькі ў нас у гэты час былі вельмі шчыльныя (як, у прынцыпе, і зараз) адносіны з Расіяй, мясцовыя кінапракатчыкі (кінатэатры) абралі шлях найменьшага супраціўлення — пачалі працаваць наўпрост з Масквой.
Там у той момант адчыніліся офісы вялікіх галівудскіх студый: Disney, Warner Bros., Paramount, Sony Pictures, Universal Pictures. У Беларусі былі толькі мясцовыя прадстаўнікі маскоўскіх офісаў, якія тут вырашалі пытанні лагістыкі і дэманстрацыі амерыканскага кантэнту з прафесійным дубляжом на рускай мове.
А паколькі беларускія кінатэатры былі амаль цалкам (калі не лічыць асобныя фестывальныя рэлізы) залежныя ад лагістыкі ўсходняга суседа, яно знікла таксама і ў нас. Хоць студыі ў сваіх афіцыйных заявах нежаданне працаваць у Беларусі не адзначалі. Напрыклад, той жа стрымінг Netflix у нас працягвае афіцыйна працаваць, а ў Расіі — не.
Але хто тады прадае беларускім кінатэатрам замежны кантэнт, тым больш у рускамоўнай агучцы, якую робяць на постсавецкай прасторы — у Казахстане і Грузіі?
Нашы крыніцы, якія пажадалі застацца ананімнымі, распавялі, што гэта спачатку хацелі рабіць самастойна ўладальнікі кінатэатраў. У прыватнасці кінасетка Silver Screen спрабавала займацца дыстрыбуцыяй праектаў Universal, але ў яе ўладальнікаў штосьці не атрымалася. Не могуць гэта афіцыйна рабіць і кампаніі з краін СНД, бо ў іх няма на гэта адпаведнай дамоўленасці з офісамі праваўладальнікаў.
Таму, на думку суразмоўцаў, гэтым зноў пачалі займацца “шэрыя” расійскія кампаніі, бо галівудскае кіно зараз з’явілася і ў часткі іх прыватных кінатэатральных сетак. І зрабілі такую ж прапанову беларускім партнёрам, ад якой тыя не змаглі адмовіцца.
Гэтую тэорыю ўскосна падцвярджае выданне Meduza. Журналісты высветлілі, што кінатэатры ў Пецярбургу, Екацярынбургу і Краснаярску выкарыстоўваюць атрыманыя ў Казахстане DCP-нелегальныя копіі фільму “Аватар: Шлях вады”. Гэта дазваляе дэманстраваць фільм у добрай якасці і з расійскім дубляжом.
Тэхналогія стварэння пірацкіх кінакопій
Але вось толькі як адбываецца стварэнне пірацкіх копій высокай якасці і з расійскім дубляжом?
Справа ў тым, што сучасны кінапракат зараз выключна лічбавы і працуе праз паказ лічбавай копіі фільма на лічбавам праэктары, які падключаны да камп’ютарнага сервера кінатэатра. Копія дасылаецца пракатчыкам у спецыяльным фармаце DCP, які важыць некалькі соцень гігабайтаў, паколькі захоўвае высокую якасць карцінкі і гуку.
Пампаваць такі вялікі масіў інфармацыі з дрэнным інтэрнэтам складана, таму дыстрыбутарскія кампаніі часта дасылаюць копіі фільма ў кінатэатры на адмысловых жорсткіх носьбітах (дысках ці флэшках). Там гэтыя файлы капіююцца на сервер кінатэатра, а кінамеханік атрымлівае ўнікальны лічбавы ключ для паказу фільма ў адпаведны дамове прамежак часу, не раней і не пазней. Менавіта так выглядае лагістыка кінапраката, якая дазваляе пазбегчы крадзяжу інтэлектуальнай маёмасці і кантраляваць паказ.
Але што адбываецца, калі праваўладальнікаў няма і ніхто не вядзе кантроль?
У размове з Еўрарадыё рыжскі журналіст і драматург Андрэй Цімафееў, які восемь гадоў адпрацаваў кінамеханікам ў прыватных кінатэтрах Беларусі і Латвіі, мяркуе, што могуць быць два шляхі стварэння лічбавых “піратак”.
Больш складаны выглядае так: патэнцыйныя распаўсюднікі пірацкага кантэнту з Расіі атрымліваюць ад кампаній з постсавецкай прасторы (Казахстана ці Грузіі) адну легальную копію фільма на цвёрдым носьбіце (якую адразу дасылаюць назад) і робяць для сябе лічбавую копію, якую потым дасылаюць кінатэатрам-партнёрам для паказа.
Варыянт значна больш просты і хутчэй імаверны — шэры дыстрыб’ютар адразу атрымівае лічбавую копію ад партнёрскай кампаніі з поставецкай прасторы і адразу перасылае яе партнёрам з Беларусі для паказу у сваіх кіназалах. Іншым чынам, як упэўнены Цімафееў, атрымаць фільм у высокай якасці, з рускамоўнай агучкай, калі афіцыйны міжнародны пракат ідзе, проста немагчыма.
Так ці інакш, усё гэта сведчыць пра наяўнасць “шэрых” карупцыйных схем і парушэнне закону. І наколькі масавым і нахабным будзе пірацкі пракат у Беларусі і Расіі, настолькі ён паўплывае на аднаўленне кінабізнесу пасля вайны, калі галівудскія студыі змогуць вярнуцца на наш кінарынак.
І ці захочуць наогул яны супрацоўнічаць з пракатчыкамі, якія нелегальна зараблялі на іх інтэлектуальнай маёмасці, — адкрытае пытанне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.