МАК рэкамендаваў пускаць беларусаў і расіян на міжнародныя турніры
МАК рэкамендаваў індывідуальны допуск спартоўцаў з Беларусі і Расіі / pixabay.com
Міжнародны Алімпійскі камітэт (МАК) рэкамендаваў дапусціць беларусаў і расіян да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе.
Гэтае пытанне абмяркоўвалася на пасяджэнні МАК у Лазане. МАК рэкамендаваў міжнародным федэрацыям дапускаць да старту спартоўцаў, якія не падтрымліваюць вайну ва Украіне. Пры гэтым рэкамендацыя датычыць толькі індывідуальных відаў спорту. Каманды з Беларусі і Расіі не могуць разглядацца ў якасці ўдзельнікаў міжнародных турніраў.
Да спаборніцтваў не дапусцяць спартоўцаў, якія актыўна падтрымліваюць вайну. Гэтая ж норма датычыць і спартовага персаналу.
Не атрымаюць допуску да спаборніцтваў спартоўцы, якія знаходзяцца на кантракце ва Узброеных сілах, а таксама МУС Беларусі ці Расіі.
Санкцыі супраць асобаў, адказных за вайну, застаюцца ў сіле.
На тэрыторыі Беларусі і Расіі па-ранейшаму не могуць праходзіць ніякія міжнародныя турніры, афіцыйныя асобы не могуць атрымаць акрэдытацыю на спаборніцтвы. Акрамя таго, на міжнародных спаборніцтвах не могуць быць прадстаўленыя сцягі і гімны Беларусі і Расіі.
Пытанне пра ўдзел беларускіх і расійскіх спартоўцаў на Алімпіядах 2024 і 2026 гадоў пакуль не разглядалася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.