Макей: Беларусь не з'яўляецца рупарам ні Вашынгтона, ні Бруселя, ні Масквы

Макей: Беларусь не з'яўляецца рупарам ні Вашынгтона, ні Бруселя, ні Масквы

Беларусь не з'яўляецца рупарам ні Вашынгтона, ні Бруселя, ні Масквы, а праводзіць палітыку ва ўласных інтарэсах. Пра гэта міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў у інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу "Настоящее время" 7 снежня ў Вене. Тэкст інтэрв'ю з'явіўся на сайце дыпламатычнага ведамства

Макей адзначыў, што Беларусь невялікая дзяржава, таму для выжывання ў сучасным свеце ёй трэба менш думаць пра нейкія раз'яднаўчыя кірункі, а думаць пра тое, што аб'ядноўвае.

Ён нагадаў, што напрыканцы мінулага стагоддзя Беларусь стварыла з Расіяй так званую Саюзную дзяржаву, у рамках якой заключаны шэраг пагадненняў у гандлёва-эканамічнай, палітычнай, гуманітарнай і ваенна-палітычнай сферы. 

"Грамадзяне Беларусі і Расіі не адчуваюць сябе чужымі ні ў адной, ні ў іншдругойй краіне: могуць набываць нерухомасць, могуць спакойна навучацца, могуць карыстацца аховай здароўя і гэтак далей. Агульнага шмат. Але гэта не азначае, што мы ва ўсім згодны ці, як прынята казаць, мы "кажам голасам Масквы" або "рэтранслюем, што сказана ў Маскве". Зусім не. Мы дакладна заяўляем, што мы не з'яўляемся рупарам ні Вашынгтона, ні Брусэеля, ні Масквы. Мы — голас Мінска, мы стараемся праводзіць незалежную знешнюю і ўнутраную палітыку, зыходзячы з нашых нацыянальных інтарэсаў. Вядома, час ад часу здараюцца пэўныя спрэчкі ў гандлёва-эканамічнай сферы. Гэта тычыцца не толькі Расіі, Украіны - такое адбываецца і ў адносінах з іншымі дзяржавамі", — патлумачыў дыпламат.

Таксама міністр адпрэчыў меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка не паехаў у Брусель на саміт "Усходняга партнёрства" праз ціск з Масквы. 

Адсутнасць Лукашэнкі ў Бруселі Макей патлумачыў тым, што адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам толькі нядаўна пачалі наладжвацца. 

"У нас цяпер толькі-толькі пачаўся працэс аднаўлення, нармалізацыі адносін з Еўрапейскім саюзам. Доўгі час мы перажывалі санкцыйны перыяд, былі пад санкцыямі, і, вядома ж, гэта аказала ўплыў на атмасферу і ў беларускім грамадстве, і на адносіны да Беларусі ў еўрапейскіх сталіцах, у еўрапейскім грамадстве. Працэс цяпер развіваецца паступальна, і пазітыўная атмасфера ў нашых адносінах з Еўрасаюзам пашыраецца, і гэта вельмі важна. Мы дамовіліся, што мы павінны падтрымліваць дыялог, пастаянны дыялог, для таго, каб зрабіць гэты працэс незваротным", — заявіў кіраўнік беларускай дыпламатыі.

На яго думку, удзел кіраўніка дзяржавы ў такіх мерапрыемствах стане своеасаблівым "вянком нейкага этапу ў развіцці адносін". Макей дадаў, што цяпер паміж Беларуссю і Еўрасаюзам ідзе праца над двзвюма дамовамі — аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. "Таму я думаю, што ў бліжэйшы час факт удзелу прэзідэнта Беларусі ў тых ці іншых мерапрыемствах па лініі Еўрапейскага саюза будзе разглядацца як штодзённая гісторыя", — аптымістычна адзначыў ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі