Маляваў сцяг сваёй крывёю. Хто такі Алесь Пушкін — мастак, што памёр у няволі
Алесь Пушкін / фота са старонцы мастака ў Фэйсбуку
У дзень, калі над Алесем Пушкіным пачаўся суд, мастак зладзіў перфоманс. Ён лёг на лаву ў клетцы — і адвярнуўся. Ад суддзі, абвінаваўцы і адваката — усім тром ён папярэдне заявіў адвод.
“Навошта мне такі адвакат? Я буду сам сабе абараняць. Навошта мне такі суд, які ўжо ведае меру стрымання? Навошта мне пракуратура, якая служыць палітычнай уладзе?” — запытаўся Пушкін у суддзі.
Сёння жонка Алеся Яніна Дземух паведаміла, што мастака не стала.
Перфоманс, з якога пачалі святкаваць Дзень Волі
Перфоманс Пушкіна ператварыўся ў першую вулічную акцыю на Дзень Волі. Гэта было ў 1989 годзе. Будучы студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута, ён зладзіў выставу карцін у стылі сац-арт, якія яму не дазволілі вывесіць ў інстытуце. І выстава перарасла ў мітынг.
У той дзень ён выйшаў на вуліцу з плакатам, на якім былі перакрэслены сцяг БССР і надпіс: "Досыць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь".
"Гэта было 25-га апоўдні. Я падрыхтаваў 12 плакатаў. І ўпершыню іх выставіў. Я выйшаў на вуліцу, абвешаны плакатамі. І яшчэ сябры, каля 200 студэнтаў. Мы рушылі да ГУМа па праспекце. Быў затрыманы і прыгавораны да 2 гадоў умоўнага пазбаўлення волі. Але быў такі дэмакратычны час, што я скончыў інстытут, адбываў пакаранне і вучыўся на 4 і 5 курсах", — усміхаўся мастак.
Пра той дзень успамінаў нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. Ён казаў, што яму запомніўся не толькі сам Алесь, але і яго атачэнне.
“Маладзенькія дзяўчаткі, апранутыя ў белыя шлюбныя сукенкі з папяровымі крыламі. Хутка з’явілася міліцыя, Алесю заламалі рукі, плакаты паляцелі ў розныя бакі. Гэта было моцна!”
Праз тры месяцы Пушкін выставіў карціну на з’ездзе БНФ. Бела-чырвона-белы сцяг з чырвонай паласой, намаляванай яго ўласнай крывёю.
Верталёт на сцэне
У фільме “Новае неба над новая краінай” Пушкін кажа, што калі будзе “хоць крышачку ў нейкія рамкі пастаўлены”, ён будзе гэтым мучыцца — і не зможа нічога стварыць.
У рамкі сябе ён ніколі не ставіў. Калі мастака папрасілі зрабіць сцэнаграфію для шэкспіраўскага “Караля Лір”, на сцэне з’явіўся… верталёт. Мастака так уразіла прачытанне рэжысёрам Валерам Маслюком гэтай п’есы, што і сцэнаграфію з касцюмамі рыхтавалі цягам усяго 1994-га года.
“Калі адбылася прэм’ера, гэта было свята. Я прыйшоў з малпай на плячы, Валер Васільевіч сустракаў нас на ўваходзе. Малпу я здаў у гардэроб”, — расказваў Пушкін у фільме.
Напачатку 90-х дзякуючы Пушкіну ў Віцебску з’явілася адна з першых у Беларусі прыватных галерэй сучаснага мастацтва. Галерэя называлася “У Пушкіна”. Яна існавала да 1997 года. Пачатак дзевяностых быў вольны, а пасля, паводле слоў мастака, пачалася рэсацыялізацыя — і з Віцебска яго выціснулі.
“Падарунак прэзідэнту”
У 1999 годзе Пушкін зладзіў перфоманс “Падарунак прэзідэнту “За пяцігадовую плённую працу!” Лукашэнка тады знаходзіўся ва ўладзе 5 гадоў.
Мастак прыкаціў да яго рэзідэнцыі тачку гною, пафарбаваную ў чырвоны колер. У ёй ляжалі беларускія рублі, перадвыбарчы плакат Лукашэнкі, сцяг, цацачныя кайданкі, васільковы вянок, кашуля з традыцыйным арнаментам і белыя пальчаткі.
За гэтую акцыю Пушкіну далі два гады пазбаўлення волі ўмоўна.
Грэшнікі паводле Пушкіна
Алесь Пушкін займаўся манументальным роспісам. Але з “палітычным адценнем”. Прыкладам, калі ён распісваў магілёўскі касцёл святога Станіслава, у некаторых фрэсках угадваліся твары беларускіх палітычных дзеячаў, у тым ліку, прыкладам, Зянона Пазняка.
А ў 1996 годзе Пушкін зрабіў манументальныя роспісы сцен праваслаўнай царквы ў роднай вёсцы Бобр. У гэтай царкве ён вянчаўся са сваёй жонкай Янінай. Пушкін намаляваў праваруч ад Хрыста праведнікаў, леваруч — грэшнікаў. Адным з грэшнікаў ён выявіў Аляксандра Лукашэнку.
Скандальную частку роспісу замазалі.
Пушкін таксама распісваў касцёл Панны Марыі ў Вішневе, касцёл архангела Міхаіла ў Міхалішках, рабіў вітражы ў касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Мінску.
“Міліцыянты насілі на руках”
У 2019 годзе Пушкін прыйшоў з перфомансам на прыступкі “Еўраопта” ў Крупках, каб абараніць беларускую мову. Гэта быў адказ супрацоўніку крамы, які, паводле слоў Пушкіна, абразіў мову.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.