Мастак Алесь Пушкін даслаў сям'і верш з-за кратаў

Мастак Алесь Пушкін даслаў сям'і верш з-за кратаў

Мастак Алесь Пушкін у жодзінскай турме сядзіць з крымінальнікамі. Пра гэта ён паведаміў у лісце, які цытуе Радыё "Свабода".

Яго суседзі, піша Пушкін, лічаць, што ў будучыні мастак плануе стаць або прэзідэнтам, або прынамсі міністрам культуры. 

"Я ім падтакваю (дурасць — спрачацца, аднеквацца, казаць, што я проста за любоў да мастацтва, праўды — выбраў сядзець у турме, а не застаўся ў Кіеве, бо не павераць! Бо людзі ўсё больш прагматычныя, за грошы і наркотыкі сядзяць). Ну, і канвойныя ім падтакваюць, бо, маўляў, за кожны дзень тут, у вязніцы, капаюць грошыкі на швейцарскі рахунак!!! Таму ўсе зэкі хочуць быць у мяне вадзіцелямі, калі я стану міністрам культуры, ці хаця б целаахоўнікамі!" — гворыцца ў лісце палітвязня.

Мастак апісаў выпадак, калі яму было сорамна: "Як сказаў адзін 18-гадовы хлопчык Сярожка (што пырнуў тату нажом 3 разы, 4 гады яму далі): "Аляксандр Мікалаевіч, а вы такі ж, як мы, нічым не лепшы, нічым не адрозніваецеся, калі вас дзяржава з намі пасадзіла, а не асобна!“. Вось мне было непамысна ад гэтай сентэнцыі!"

Таксама Алесь Пушкін у лісце да сям'і даслаў верш: 

"А воды Бабра, нашай вялікай ракі, што сплывае
ля хаты на гарушцы — ужо колькі тысяч год
бягуць і бягуць на Захад (а не на Ўсход!)
Слаўных герояў справы зносіць іх вечны паток...
З імі — і зло, і дабро — нічога ня вернецца назад...
Толькі берагі і ўначы, і ўдзень неўміруча стаяць...
А мы на сваёй гарушцы, разам з гасцямі,
давай рассцілаць дастархан...
і за глякам гарэліцы, ці восенню, ці ў вясно-
вы вечар, з канапкамі
з фаршмакам і цыбуляй — што ты
зробіш з простым чорным
хлебам —
і гэтага дастаткова будзе! — Не гэта галоўнае,
бо весела і радасна, з цудоўнай кампаніяй —
тых, хто з ахвотай да нас завітае —
і ў размове простай і шчырай
Весела будзем успамінаць нашага жыцця
вясёлыя і сумныя дні, якія знесьлі хвалі Бабра...
...Увы, назаўжды..."

На Алеся Пушкіна пачалі крымінальную справу па абвінавачванні ў распальванні варожасці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу). Падставай стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, выстаўлены ў прыватным "Цэнтры гарадскога жыцця" ў Гродне. Затрымалі мастака 30 сакавіка 2021 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі