“Мама казала: ты бэст оф зэ бэст”. Беларуска знялася ў серыяле "Тэд Ласа"
Калі агент акторкі і мадэлі з Беларусі Элі Нова прапанаваў ёй паўдзельнічаць у кастынгу на ролю ў серыяле “Тэд Ласа”, дзяўчына перапытала: у якім серыяле?
— Я праўда не ведала пра гэты серыял, пакуль не атрымала ролю, — смяецца Элі.
Яе сапраўднае імя — Алена, але ўжо шмат гадоў Алена прадстаўляецца Элі. Так дзяўчына спрабуе не стаць ахвярай стэрэатыпаў у галовах кастынг-дырэктараў. Бо, пачуўшы беларускае імя, яны могуць адчуць спакусу прапанаваць Элі ролю “дзяўчыны з ўсходнееўрапейскай краіны”.
А з якой краіны Элі Нова? Ніводны кастынг-дырэктар не здагадаецца.
Мы стэлефаноўваемся з Элі а дванаццатай паводле парыжскага часу і адразу разумеем, з якой краіны Элі Нова. Бо яна вітаецца з намі па-беларуску: “Добры дзень!” Элі жыве ў Лондане, вакацыі сёлета бавіць у Францыі. Элі шмат гадоў не жыве ў Беларусі, але гаворыць з намі па-беларуску — хоць часам здаецца, што ёй было б прасцей па-ангельску.
Акторка расказала Еўрарадыё пра ролю ў “Тэд Ласа” і супрацу з легендарным рэжысёрам Мішэлем Гандры. Так-так, тым самым, што зняў “Вечнае ззянне чыстага розуму” з Кейт Уінслет і Джымам Кэры.
“Я бачыла шмат такіх мадэлек, пакуль жыла ў Дубаі”
— І вось вы прыходзіце на кастынг “Тэда Ласа”...
— Не, не прыходжу! Кастынгі цяпер, пасля кавіду, не праходзяць “фэйс ту фэйс”. Агент проста дасылае табе сцэнар, ты прыдумляеш гераіню — і запісваеш дыялог на відэа. Гэтае відэа і трапляе да кастынг-дырэктара.
Маёй гераіняй была мадэлька Анастэйша. Гэта тыповая мадэлька, якіх я бачыла шмат, калі жыла ў Дубаі. Я жыла там 9 гадоў, таму ў мяне было досыць часу, каб за імі паназіраць — за дзяўчатамі, чыя ўвага сканцэнтраваная на матэрыяльных рэчах ці статусе.
Увогуле, я часта проста сяджу і назіраю за людзьмі. І гэтыя назіранні складваю ў своеасаблівы ўласны архіў. Калі я працавала над роляй Анастэйшы, гэты архіў мне спатрэбіўся. Яшчэ некалькі фізічных асаблівасцяў я пазычыла ў дзвюх сваіх сябровак. І атрымалася Анастэйша.
Яна — поўная супрацьлегласць мне. Яна не сентыментальная, яна не ўмее слухаць, яна ідзе да мэты праз галовы. А я? Я зусім іншая, таму адразу вырашыла, што ў ёй не будзе нічога ад мяне. І так патроху я і зрабіла гэтую дзяўчыну. Здаецца, атрымалася?
Калі мяне запрасілі на пробы, я папрасіла сябра: пачытай са мной сцэну, дапамажы запісаць кастынг. А ён кажа: “Ваў! “Тэд Ласа!”! Рыалі?” І запэўніў: калі атрымаеш такую ролю, гэта будзе вялікі крок у кар’еры. А пасля агент патэлефанаваў і сказаў: “Elee, you’ve got it”.
— Чакайце. Вы не ведалі пра серыял, пакуль не атрымалі ролю?
— (Смяецца.) Так! Але ў мяне вялікі давер да свайго агента, бо ён ніколі не прапануе кепскія праекты.
Да таго ж, можа, гэта і нядрэнна. Калі я буду думаць пра серыял, у мяне не будзе фокусу на гераіні. А мне было важна зрабіць, вылепіць “Анастэйшу”. І вось цяпер я ўжо магу паглядзець, што атрымалася.
— А падчас здымак хто-небудзь пытаў, адкуль вы?
— О не! Там усе занятыя сваімі справамі, бо кожная хвіліна на здымках каштуе грошай. Калі праца зробленая — трэба пераключацца на іншую. Усе ў фокусе, усе думаюць толькі пра тое, як зрабіць праект лепшым.
А ты робіш тое, што лічыш патрэбным для сваёй гераіні. Рэжысёр можа падказаць, але ж гераіня — гэта цалкам твая творчасць. Ніхто не будзе сядзець побач з табою і абмяркоўваць тваю працу. Працуеш над роляй як скульптар працуе са скульптурай.
— А як жа тады зразумець, што робіш працу добра?
— А ніяк! Арыентуйся на свае адчуванні і на рэакцыю аўдыторыі. Вядома, калі робіш дрэнную працу, рэжысёр скажа, што трэба нешта перайначыць. Таму я радая, што мне ніхто нічога не кажа! Толькі “thank you, that’s it!”.
Усё іначай, калі гаворка пра працу над фільмам, а не над серыялам. Нядаўна я вярнулася са здымак у Латвіі, пра якія пакуль не магу расказваць падрабязнасці. У гэтым выпадку трэба было добра разумець мэту, ідэю фільма, каб зрабіць рэсёрч гераіні. І падыход рэжысёра быў далікатнейшы.
“Табе 12 гадоў, ты стаіш у гэтым купальніку, і у цябе пытаюць, ці ведаеш англійскую”
— Але да таго, як у вашым жыцці стала з’явілася кіно, у ім было шмат моды. Гэта таксічнае асяроддзе? Эмацыйна было няпроста?
— Эмацыйна было няпроста ў Беларусі. Я пайшла ў мадэльную школу ў 12 гадоў. І ў гэты ж час пачаліся ўсе гэтыя кастынгі ў бікіні: еўрапейскія мадэльныя агенцтвы прыязджаюць у Мінск і адбіраюць дзяўчынак для мадэльнай працы ў такім узросце.
І ты стаіш у гэтым купальніку, дарослыя ў цябе пытаюць, ці размаўляеш ты па-англійску. Я ўвогуле не разумела, што адбываецца. Бацькі таксама не маглі нешта падказаць у гэтай сферы — і ў тыя гады я не падпісала ніводнага кантракта.
Пасля, у 16 гадоў, калі я яшчэ вучылася ў школе, мяне запрасілі ў папсовы праект “Лакі”. Колькі вам гадоў? Памятаеце ўсе гэтыя праекты кшталту “Рукі вверх?” У Беларусі былі “Лакі” і “Краскі”. І я скакала ў гэтых “Лакі” на пазіцыі спявачкі бэк-вакала, і мне было весела.
Пасля гэтага мне захацелася зрабіць сольную кар’еру. Я супрацоўнічала з прадзюсарам Кірылам Слукой і Іванам Луцэнкам. А потым мне захацелася грошай (смяецца).
Тады я і вырашыла паехаць у Дубай працаваць мадэлькай і паралельна рабіць сольны музычны праект. Але жыццё паказала: я больш гэтага не хачу. Мадэльная кар’ера пайшла ўгару, і я пачала проста жыць у Дубаі.
— Але менавіта гэтае “проста жыць” праз гады дапамагло стварыць героіню для “Тэда Ласа”!
— Так. Для мяне ўсё гэта досвед, які я магу потым выкарыстоўваць у сваім жыцці і сваёй акторскай працы. Ніколі не ведаеш, дзе табе гэты досвед спатрэбіцца.
Ведаеце, Дубай — гэта не толькі лакшэры-лайфстайл. Там шмат працоўных, якія жывуць у вельмі цяжкіх умовах. Я бачыла людзей, якія спяць без кандыцыянера ў спёку “плюс пяцьдзясят”. На абед у іх толькі трошачкі нейкага рысу.
Я лічу, для акторкі вельмі важна мець магчымасць назіраць розныя праявы жыцця — і там я назірала розны чалавечы досвед.
Што да мяне, то я б сказала, што першыя дні былі цяжкімі. Але праз цяжкія дні я заўсёды праходзіла з усмешкай на твары. Бо кожны цяжкі дзень, кожны досвед я кладу ў той самы “свой архіў”. І ў Дубаі я ведала, што прайду некалькі несалодкіх крокаў, але прайду, бо мой досвед мне ніхто не прынясе на талерцы.
А пра самыя цудоўныя рэчы, якія адбыліся ў маім жыцці, я не марыла — яны проста прыйшлі. А я проста працягвала працаваць і спрабаваць. Гэта мая мэта па жыцці — кожны дзень шукаць. І менавіта гэта шуканне — тое, што робіць чалавека жывым.
Патрошку саспела разуменне, што цікавасці да кіно ў мяне больш, чым да фэшн, і прыйшоў час рухацца далей. Тады я вырашыла, што Англія будзе месцам, дзе я пачну рэалізоўваць гэтую мару. Гэта не так далёка ад дому — і гэта месца, дзе можна атрымаць добрую акторскую адукацыю.
Вяртацца ў Беларусь? Не, гэтага мне не хацелася, бо я не бачыла, дзе магу рэалізавацца, дзе ў Беларусі магу знайсці тое, пра што мару. А я так мару! Я мару пра вялікія праекты і веру, што ўсё магчыма, калі ёсць унутраны баец, унутраны воін і вера ў тое, што ўсё магчыма.
Усё магчыма — нават супраца з Мішэлем Гандры
— Мы набліжаемся да пытання пра ролі вашай мары.
— Ролі? Я не ведаю роляў мары — я адчуваю ролю ці не, калі яна прыходзіць. А вось спіс рэжысёраў, з якімі мару папрацаваць, у мяне ёсць. Гэта Тэрэнс Малік, Ларс фон Трыер, Ксаўе Далан, Лука Гуаданьіна.
Некалі я вельмі марыла пра працу з Мішэлем Гандры — і мне пашанцавала, я рабіла з ім сумесны праект. Гэта была рэклама для расійскай крамы “Лэтуаль”.
— Той самы Гандры? Як гэта было?
— Ён цудоўны. Вельмі жартаўлівы.
Я пайшла на мадэльны кастынг. Агент сказаў мне толькі, што гэта будзе рэклама — і ўсё. Калі мяне выбралі на другі тур, то ўсё, што я ведала, — працуем над рэкламай для расійскага брэнда. І тут на рэцэпцыі мне кажуць: Элі, а ты ведаеш, хто рэжысёр? Я: не. Мне падказваюць: “Вечнае ззянне чыстага розуму”.
Я кажу: жартуеш! Гандры?! “Вечнае ззянне чыстага розуму” — адзін з пяці маіх любімых фільмаў. І ўсё — мой розум паехаў. Я прыйшла на кастынг і кажу: “Мішэль, хэлоў, біг фэн!” Мы пажартавалі, ён задаў мне некалькі правакацыйных пытанняў пра палітыку — тады ў павестцы была справа Ванштэйна. Я шчыра расказала пра сваё стаўленне да гэтага — і атрымала ролю!
Гэта быў цудоўны праект, мы здымалі яго ў Празе разам з Данілай Казлоўскім. Вось так мне пашанцавала зняцца ў рэкламе з такім рэжысёрам.
— Падчас нашай размовы вы сказалі шмат словаў, якія могуць натхніць стомленага і расчараванага чалавека. А хто вам кажа такія словы?
— Мая мама. Гэта ўвогуле мая “role model”.
А раней такія словы казала мне і мая бабуля — але яна, на жаль, памерла ў 2021 годзе. Мама і бабуля — два чалавекі, якія заўсёды казалі, што я найлепшая з найлепшых. Яны бачылі ўва мне найлепшую нават калі я была цінэйджарам. Я ўспамінаю тыя часы і думаю: майн гот, і вось гэтая дзяўчынка марыла пра вялікую кар’еру? Гэта была звычайная дзяўчынка з Фрунзенскага раёна, якіх вельмі шмат, нават "гадкае качаня".
Але менавіта таму, што мама і бабуля казалі, што я “бэст оф зэ бэст”, я ў гэта паверыла. І гэтая вера штурхала мяне наперад, я верыла ў тое, што я чароўная, што я прыгожая.
Думаю, так з дзецьмі і трэба, бо асяроддзе можа прыбіць сваёй крытыкай. Асабліва калі ты абраў прафесію, якая прадугледжвае імавернасць атрымаць шмат адмоваў. А ў гэтым сэнсе прафесія акторкі вельмі таксічная. Ты працуеш над роляй, хвалюешся — і не атрымліваеш яе. Галоўнае ў гэты момант не заплакаць. Устаеш і рухаешся да наступнага праекта.
І калі яшчэ ў дзяцінстве мама і тата ўкладаюць у цябе гэты стрыжань, пераконваюць, што ты супер — ты працягваеш жыццё воінам, які не здаецца. І тады досвед — гэта проста досвед.
Калі ў мяне нешта не атрымлівалася, мама заўсёды казала: гэта значыць, што нешта яшчэ большае і суперскае чакае цябе наперадзе. Не падай. Можа, таму цяжкія моманты ў сваім жыцці я і не адчувала як цяжкія. Я ведала, што заўтра ўсё будзе па-іншаму.
— Элі, але чаму вас завуць Элі?
— Маё сапраўднае імя — Алена, і вельмі даўно сябры называюць мяне скарочана — Элі.
А пасля было зручна абраць сябе імя, якое не падказвала б кастынг-дырэктарам, адкуль я паходжу, бо гэта пашырае спектр магчымых роляў. Мне б не прапаноўвалі ролі толькі як “рускамоўнай акторцы”, якая можа адыграць рускамоўную гераіню. Вось таму і Элі Нова. Хто яна? Адкуль?
Калі я заходжу ў кастынг-рум, у мяне пытаюць: вы з Францыі? Я кажу: не-не, я з Беларусі! Яны глядзяць на маё імя — і нічога не разумеюць.
— Калі вы кажаце, што вы з Беларусі, кастынг-дырэктар разумее, пра якую краіну гаворка?
— Яшчэ нядаўна ніхто не ведаў, хто мы і што мы. А ў 2020 годзе ўсё змянілася. Мне пашанцавала, што ў Лондане я знайшла шмат людзей, якія размаўляюць па-беларуску.
Я вырасла ў рускамоўным асяроддзі, але цяпер стараюся выкарыстоўваць магчымасць пагаварыць па-беларуску. Вось, напрыклад, з вамі. Калі я магу дапамагчы нашай мове заставацца і быць, дык буду гэта рабіць.
Пасля 2020 года аформілася беларуская дыяспара ў Лондане, пра якую я нічога раней не ведала. Было шмат украінцаў, было шмат рускіх — а беларусы былі раскіданыя і жылі паасобку. Цяпер беларусы аб’ядналіся, ладзяць сумесныя івэнты — ды такія, на якіх усім камфортна. Там ніколі не бывае ніякай агрэсіі. Хочаш патрошачку пачынаць размаўляць па-беларуску — як, напрыклад, я — калі ласка! Гэта вельмі… nice. Вельмі найс (смяецца).
My cover for “MALITVA” (Pesniary)
— Elee Nova (@Elee_Nova) July 29, 2021
In these dark times for my country I stand in solidarity with those who suffer, I stand with Belarus nation.
I believe that this cover will give warmth and hope. @NadzeyaU @Tsihanouskaya @PavelLatushka pic.twitter.com/0WKfbMJZ7P
***
Цяпер Элі на вакацыях, і пасля нашага інтэрв’ю яна пойдзе ў музей д’Арсэ са сваім каханым чалавекам — ён мастак. Але ў звычайныя дні яна можа шмат часу прабавіць проста ў парку, назіраючы за людзьмі. І ніколі не палічыць гэтыя назіранні марнаваннем часу, бо гэта той самы досвед іншага чалавека, які так неабходны ў акторскай кар’еры.
Бліц
— Лондан ці Дубай?
— Лондан!
— “Нэтфлікс” ці малабюджэтнае аўтарскае кіно?
— Малабюджэтнае аўтарскае кіно.
— Вядомы буйны брэнд ці малавядомы дызайнер?
— Малавядомы дызайнер, але калі яго праца супадае з маім уяўленнем пра эстэтыку.
З беларускіх? Я працавала з некалькімі дызайнерамі і магу сказаць, што нашыя майстры суперскія. Працавала з Вольгай Самошчанка — яна робіць суперскае адзенне. А найкруцейшыя кашаміравыя рэчы — у Ton-in-ton.
І адкуль у Беларусі столькі крутых людзей?
— Кейт ці Меган?
— (няўпэўнена) Акей, пайду супраць прэсы: Меган.
— Кіно ці фэшн?
— (упэўнена) Кіно.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.