Марыне Золатавай прысудзілі Міжнародную прэмію Ёхана-Філіпа Палма
Марына Золатава / Еўрарадыё
Беларуская палітзняволеная і галоўная рэдактарка партала Tut.by Марына Золатава стала лаўрэаткай Міжнароднай прэміі Ёхана-Філіпа Палма. Пра гэта паведамляецца на сайце прэміі.
Гэтую прэмію ўручаюць раз на два гады людзям і арганізацыям, якія дэманструюць выбітны прыклад намаганняў па гарантаванні свабоды слова і друку. Золатаву на прэмію намінавала праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў". Разам з Марынай яе атрымае афганская рэдакцыя Zan Times. Уручэнне ўзнагарод пройдзе ў снежні 2024 года ў нямецкім горадзе Шарндорф.
"Перад абліччам велізарных перашкод і рэпрэсіўных мер Марына Золатава паказала сябе як чалавек надзвычайнай мужнасці і сумленнасці", — адзначылі "Рэпарцёры без межаў" і апякунская рада фонду Palm. Нагадаем, Марыну Золатаву затрымалі тры гады таму — у траўні 2021 года. У сакавіку 2023-га суд асудзіў яе на 12 гадоў пазбаўлення волі. Партал Tut.by улады знішчылі.
Паводле інфармацыі "Рэпарцёраў без межаў", Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па колькасці зняволеных журналістаў. У сусветным рэйтынгу свабоды прэсы краіна займае 167 пазіцыю са 180 магчымых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.