Беларусь за год апусцілася на 10 радкоў у рэйтынгу свабоды прэсы

Затрыманне журналіста ў Беларусі падчас асвятлення пратэстаў у 2020 годзе / ТАСС

Затрыманне журналіста ў Беларусі падчас асвятлення пратэстаў у 2020 годзе / ТАСС

У рэйтынгу свабоды прэсы, які штогод складае арганізацыя  "Рэпарцёры без межаў", Беларусь займае 167 месца сярод 180 краін. За год наша краіна апусцілася ў гэтым рэйтынгу на 10 радкоў.

Беларусь яшчэ да ўварвання Расіі ва Украіну была "самай небяспечнай краінай Еўропы для журналістаў", але і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны рэжым Аляксандра Лукашэнкі "працягвае масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных СМІ", адзначаюць "Рэпарцёры без межаў". Большасць незалежных СМІ, а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў абвешчаныя "экстрэмісцкімі". Акрамя таго, Беларусь стала адным з сусветных лідараў па колькасці журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні.

Нават у Расіі сітуацыя лепшая: у рэйтынгу "Рэпарцёраў без межаў" яна знаходзіцца на 162 месцы. Іншыя нашы суседзі размясціліся ў першай сотні: Украіна — на 61, Польшча — на 47, Літва — на 13, Латвія — на 12 месцы. Лепш за ўсё справы са свабодай прэсы ідуць у Нарвегіі, Даніі і Швецыі, а горш за ўсё ў Іране, КНДР, Афганістане, Сірыі і Эрытрэі.

У цэлым у свеце, паводле ацэнкі "Рэпарцёраў без межаў", стан са свабодай прэсы пагаршаецца. Прычына — у паводзінах палітыкаў. "Усё большая колькасць урадаў і палітычных уладаў не выконваюць сваю ролю гарантаў найлепшага асяроддзя для журналістыкі і права грамадскасці на надзейныя, незалежныя і разнастайныя навіны і інфармацыю", — гаворыцца ў справаздачы арганізацыі.

Нагадаем, 3 траўня адзначаецца Сусветны дзень свабоды друку. У Беларусі гэтай свабоды няма, адзначыла ў сувязі з датай Святлана Ціханоўская. Яна нагадала, што ў краіне больш за тры дзясяткі журналістаў знаходзяцца ў зняволенні, і яны апынуліся ў турме толькі за тое, што сумленна і непрадузята выконвалі сваю працу. Ціханоўская падзякавала журналістам, якія нягледзячы на складанасці працягваюць казаць праўду.

"У барацьбе за свабоду слова і дэмакратычныя каштоўнасці, журналістыка — адзін з найважнейшых інстытутаў. І мы павінны яго зберагчы. Чытайце і падтрымлівайце нашы СМІ, калі гэта бяспечна. Дзяліцеся цікавымі матэрыяламі і медыяпраектамі, прынамсі калі вы за мяжой. Бо рэжым не мае права ўказваць, як думаць беларусам!", — адзначыла лідар беларускіх дэмакратычных сіл.

Беларусь за год опустилась на 10 строчек в рейтинге свободы прессы
Сітуацыя са свабодай прэсы ў свеце / rsf.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі