Мастак, які выкопваў Ван Гога, атрымаў мянушку "Пуцін" у цэнтры дэпартацыі

Аляксей Кузьміч падчас перформансу каля магіла Ван Гога

Аляксей Кузьміч падчас перформансу каля магіла Ван Гога / facebook.com/kuzmich.alexei/

Беларускі мастак Аляксей Кузьміч расказаў у Інстаграме пра сваё жыццё ў французскім дэпартацыйным цэнтры. Туды яго адправілі пасля перформансу на магіле Ван Гога.

Цэнтр дэпартацыі размяшчаецца недалёка ад міжнароднага аэрапорта Парыж-Шарль-дэ-Голь. Паводле Кузьміча, "кожныя пяць хвілін над галавой грукочуць самалёты", якія ён назірае праз дробныя краты і калючы дрот.

"Сняданак у 07:00. У столькі ж адкрываюць наш загон. У ім чалавек 20. Па двое ў камеры. Сяджу з маладым мараканцам. Пяць разоў на дзень, як мае быць, ён робіць намаз", — піша мастак. Паводле яго, у гэтым дэпартацыйным цэнтры ёсць людзі, якія адседзелі тэрмін за забойствы, узброеныя рабаванні, захоп закладнікаў, наркагандаль, радыкальны ісламізм.

Сам Кузьміч сярод сваіх суседзяў атрымаў мянушку "Пуцін". Вось як ён тлумачыць яе паходжанне:

"Адзін таліб кажа, што, калі адкінецца, паедзе ваяваць ва Украіну. Другі марыць, каб Пуцін разбамбіў Францыю. Што такое Беларусь, мае суседзі не ведаюць і думаюць, што я з Расіі. Далі мне паганяла "Пуцін". Кожны дзень прапануюць гашыш і какаін. Я адмаўляюся і хаджу на турнікі, а яны мне аддаюць нехаляльнае мяса ў сталовай".

Таксама мастак заяўляе, што яму цяжка сфакусавацца на чытанні і пісанні, бо паліцыянты нібыта падсыпаюць у ежу нейкія рэчывы, праз што адчуваецца пастаянная дрымотнасць і безуважлівасць.

"Арабы смяюцца, што на любое іх пытанне я адказваю “Good" і падымаю палец уверх. Яшчэ ім вельмі падабаецца, што я ведаю слова "х*я", што азначае "брат", — піша Кузьміч.

Як расказвала Еўрарадыё, 30 ліпеня мастак размясціў у сацсетках відэа свайго перформенсу, падчас якога ён нібыта выкопваў Ван Гога з яго магілы. Кузьміча затрымалі, суд прызначыў яму вялікі штраф і абавязаў вярнуцца "ў краіну паходжання". Пасля гэтага перформера адправілі ў дэпартацыйны цэнтр.

У Беларусі на Кузьміча пачалі крымінальную справу: ён адзначыўся некалькімі шумнымі перформансамі, у тым ліку з палітычным адценнем. У лютым ён наведваў Беларусь, але выехаць змог толькі з дапамогай службы эвакуацыі фонду BYSOL. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі