МУС прапаноўвае арыштоўваць "дармаедаў"
Для гэтага трэба ўнесці змены ў Адміністрацыйны кодэкс.
У рамках "барацьбы з дармаедамі" Міністэрства ўнутраных спраў прапануе ўвесці адміністрацыйную адказнасць за ўхіленне ад фінансавання дзяржаўных расходаў, перадае БЕЛТА.
Чыноўнікі МУС кажуць, што сёння ў заканадаўстве няма нормаў для барацьбы з дармаедамі. Але згодна з артыкулам 56 Канстытуцыі, грамадзяне абавязаныя прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў праз выплату дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.
Таму міліцэйскія чыноўнікі прапаноўваюць увесці адміністрацыйную адказнасць за ўхіленне ад фінансавання дзяржаўных расходаў. У прыватнасці, прапаноўваецца арыштоўваць паўналетняга працаздольнага грамадзяніна, які пастаянна пражывае на тэрыторыі Беларусі больш за шэсць месяцаў на працягу года і ўхіляецца ад фінансавання дзяржаўных расходаў.
Пратаколы на такіх грамадзян будуць складаць падаткавікі. Разглядам справаў зоймуцца раённыя і гарадскія суды. Прычым арыштаваныя мусяць абавязкова працаваць.
Фота — rosinform.ru