МЗС патлумачыла, чаму цяжка атрымаць шэнгенскую візу
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных кажа, што супярэчнасці ўзніклі праз нелегальных мігрантаў.
Падчас выступу на тэлеканале СТВ Савіных адзначыў, што МЗС Беларусі плануе перамовы з Еўрасаюзам па спрашчэнні візавых працэдур. Але прадстаўнікі ЕС увязваюць гэтыя перамовы з падпісаннем дамовы пра рэадмісію. Гэта азначае, што Еўрасаюз будзе высылаць нелегальных мігрантаў, якія прыехалі з тэрыторыі Беларусі, а наша краіна павінна будзе яго прыняць, утрымоўваць і нейкім чынам дэпартаваць яго на радзіму.
Па словах Савіных, гэта сур'ёзныя выдаткі і магчымыя праблемы на сацыяльным узроўні. Ён адзначыў, што Беларусь не з'яўляецца крыніцай нелегальнай міграцыі, а служыць транзітнай краінай.
"Перш чым падпісваць такую дамову з Еўрапейскім саюзам, нам трэба прадумаць сістэму дамоваў з краінамі — крыніцамі нелегальнай міграцыі", — адзначыў дыпламат. Ён паведаміў, што гэта досыць складаны і працаёмкі працэс. Ён і тармозіць перамовы з Еўрасаюзам па спрашчэнні візавых працэдураў.
Фота — ctv.by