На Маладзечанскім заводзе металаканструкцый прашоў стыхійны страйк (відэа)

Работнікі Маладзечанскага завода металаканструкцый 8 чэрвеня зладзілі стыхійны страйк. Прычынай сталі затрымкі заробкаў. Калектыўны пратэст дапамог рабочым сустрэцца з кіраўніцтвам прадпрыемства.

Відэазапіс сустрэчы, зроблены на мабільны тэлефон, апублікаваны на YouTube. З яго вынікае, што 21 траўня рабочым цалкам не выплацілі заробак за красавік.

На заводзе працуе больш за 1000 чалавек. Кіраўніцтва прадпрыемства тлумачыць праблемы зніжэннем вытворчасці. Прадпрыемства мае запазычанасць па электраэнэргіі ды іншых выплатах.

Намеснік гендырэктара па камерцыі і эканамічных пытаннях Дзмітрый Купрыянаў паабяцаў рабочым з 9 чэрвеня пачаць выдачу заробкаў па частках і разлічыцца з працаўнікамі да канца гэтага тыдня, перадае БелаПАН.

Купрыянаў таксама паведаміў, што ўвосень у Беларусі плануецца пачаць будаўніцтва буйнога аб'екта для кампаніі "Слаўкалій". Для яго спатрэбіцца каля 37 тысяч тон металаканструкцый. Маладзечанскі завод, па словах Купрыянава, будзе задзейнічаны ў будаўніцтве, прычым кантракт з ім будзе заключаны з перадаплатай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі