На месцы згарэлага ГЦ у Віцебску могуць аднавіць кінатэатр

Вынікі пажару ў віцебскім ГЦ "Беларусь" / t.me/sudexpert_by
На месцы згарэлага гандлёвага цэнтра "Беларусь" у Віцебску могуць пабудаваць кінатэатр, як было раней. Пра гэта старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін заявіў падчас сустрэчы з калектывам Віцебскай гарадской бальніцы хуткай меддапамогі, піша "Віцебскі кур'ер".
Чыноўнік заявіў пра сваё жаданне стварыць нешта прыгожае і функцыянальнае. "Цэнтр горада хацелася б зрабіць прыстойным. Як старшыня аблвыканкама я прыкладу ўсе намаганні, каб гэта было месца, максімальна карыснае для ўсіх", — сказаў Субоцін.
Будынак гандлёвага цэнтра "Беларусь" быў узведзены ў 1972 годзе як шырокафарматны кінатэатр. У 2006-м яго пераабсталявалі пад гандлёвы цэнтр.
13 снежня 2024 года ў ГЦ здарыўся моцны пажар, у выніку якога пацярпелі 20 чалавек. Сам будынак быў моцна пашкоджаны, асабліва перакрыцці. Пасля пажару чыноўнікі заявілі, што згарэлы ГЦ плануецца знесці і пабудаваць на яго месцы новы аб'ект, больш адпаведны цэнтральнай частцы горада. Канчатковае рашэнне пра лёс будынка пакуль не прынята.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.