Як ратавалі людзей падчас пажару ў гандлёвым цэнтры ў Віцебску: фотарэпартаж
Ратавальнікі забіралі людзей з вокнаў
13 снежня ў Віцебску гарэў гандлёвы цэнтр "Беларусь". Сведкі кажуць, што агонь распаўсюджваўся вельмі хутка, і не ўсе людзі паспелі пакінуць задымлены будынак: некаторыя наведвальнікі і работнікі цэнтра "досыць гераічна павялі сябе — нягледзячы на небяспеку, яны выводзілі да апошняга людзей, якія паспелі спалохацца, надыхацца гарам і былі дэзарыентаваныя". Эвакуявалі 215 чалавек. Дзясятак з іх ратавальнікі забралі з вокнаў з дапамогай лесвіц. Пацярпелі два супрацоўнікі МНС.
Вядома пра 15 пацярпелых (шпіталізаваныя 12), двое з іх знаходзяцца ў цяжкім стане — у рэанімацыі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. У Віцебск з Мінска для дапамогі мясцовым медыкам адправілі "спецыялістаў рэспубліканскага ўзроўню". Ратавальнікі лакалізавалі пажар, правяралі паверхі, дзе шукалі пацярпелых. Ліквідавалі яго ў 20:51. Плошча пажару склала 2000 квадратных метраў. Яго прычына высвятляецца.
Віцебскія ўлады адмянілі шэсце Дзедаў Марозаў, Снягурак і іншыя святочныя мерапрыемствы, запланаваныя на пятніцу. Старшыня аблвыканкама, гарадское кіраўніцтва, кіраўнікі сілавікоў увечары былі на месцы здарэння.
Міліцыя ўзяла пад ахову будынак і прылеглую тэрыторыю "з мэтай недапушчэння пранікнення старонніх асоб на месца здарэння".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.