У Клічаве ў школе адкрылі музей мясцовай міліцыі
У "міліцэйскім пакоі" са школьнікаў выхоўваюць "патрыётаў"
У Клічаве ў Магілёўскай вобласці ў сярэдняй школе № 2 адкрылі музей мясцовай міліцыі (яго таксама называюць "унікальным музейным пакоем"). Дырэктарка навучальнай установы Таццяна Белабародая пахвалілася, што стварылі яго "за даволі кароткі час" — экспанаты пачалі збіраць летам. А ідэя належыць старшыні ветэранскай арганізацыі РАУС Аляксандру Белабародаму. Першым экспанатам стаў яго мундзір.
Клічаўскі РАУС з'яўляецца куратарам "ваенна-патрыятычнага клуба "ЮнПатриот", які дзейнічае пры школе.
Звычайна падобныя музеі ствараюцца ў аддзелах і ўпраўленнях міліцыі.
Так званы "ваенна-патрыятычны рух", арганізаваны Міністэрствам унутраных спраў, ахоплівае больш за 5 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Яго выкарыстоўваюць не толькі для падрыхтоўкі кадраў для сілавых структур, але і для ідэалагічнай апрацоўкі моладзі, якая ў 2020-м падтрымала пратэсты. Восенню было заяўлена, што "ваенна-патрыятычныя клубы" з'явяцца пры міліцыі ў кожным раённым цэнтры Беларусі. Сілавікі ўжо пачалі працаваць у дзіцячых садках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.