Былы беларускі палітвязень набыў на аўкцыёне літаграфію Шагала
Ілля Салей з літаграфіяй Марка Шагала
Былы беларускі палітвязень, юрыст Ілля Салей набыў на аўкцыёне Christie's у Парыжы літаграфію знакамітага мастака, ураджэнца Беларусі Марка Шагала. Ён заплаціў за яе каля трох тысяч еўра. Літаграфія намаляваная на вокладцы кнігі 1963 года — Chagall Litographe II.
Па словах Салея, на аўкцыёне быў шанец набыць і іншыя, больш маштабныя творы Марка Шагала, але яны непараўнальныя па кошце з гэтай карцінай.
"Вядома, мая пакупка не параўнальная з тым, што для нашай культуры зрабіў Віктар Дзмітрыевіч [Бабарыка], але гэта ўсё ж мой невялікі ўнёсак. Прыйшлося тлумачыць французам, чый насамрэч Шагал", — каментуе DW Салей сваю пакупку.
На нейкі час ён перадасць літаграфію ў беларускую бібіліятэку імя Францыска Скарыны ў Лондане.
У 2020-м Ілля Салей быў юрыстам перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі. У верасні быў затрыманы, спачатку знаходзіўся ў СІЗА, пасля — пад хатнім арыштам (да красавіка 2021-га, калі меру стрымання змянілі на заклад), лічыўся палітвязнем. Летам 2021 года Салей змог выехаць з Беларусі, спачатку быў у Польшчы. Сёлета стала вядома, што ён стаў адвакатам у Лондане.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.