Брэсцкі гарвыканкам забараніў Санта Клаўса і хвойныя калядныя вянкі

Санта Клаўс, ілюстрацыйнае фота

Санта Клаўс, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Брэсцкі гарвыканкам накіраваў у крамы, рэстараны і кавярні прадпісанні па навагоднім упрыгожванні. У дэкоры вітаюцца толькі "элементы славянскага паходжання". Агаворваецца, што яны не павінны супярэчыць "гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа". Элементы і вобразы, "не ўласцівыя нашым нацыянальным традыцыям", рэкамендуецца выключыць.

Супрацоўніца адной з крамаў ананімна расказала BGmedia, што ёй патлумачылі чыноўнікі ўпраўлення ідэалогіі гарвыканкама: "З размовы я зразумела, што Дзед Мароз і Снягурка — так, а вось Санта Клаўс — ужо пад забаронай. Нават сані і алені, на якіх ён ездзіць, могуць выклікаць падазрэнне".

Жанчына кажа, што фігуркі казачных персанажаў у Беларусі не вырабляюць, таму іх замаўляюць у Кітаі: "Кітайцы робяць так, што не заўсёды адразу адрозніш, дзе Санта, а дзе наш Дзед Мароз: ёсць там барада, няма барады. Дык, уласна, няма паміж імі ніякай асаблівай розніцы". Новыя правілы ўпрыгожвання яна называе прыцягнутымі за вушы.

Дарэчы, з "замежнымі ўплывамі" змагаецца і Мінкульт. Ведамства склала плэйліст для фонавай музыкі на Каляды і Новы год. У ім ёсць песні сучасных айчынных і расійскіх выканаўцаў, а таксама савецкія кампазіцыі. А папулярныя калядныя мелодыі замежных выканаўцаў рэкамендавана не ўключаць.

Дыджэй брэсцкага рэстарана кажа, што кліенты на карпаратывах часта просяць паставіць Happy New Year у выкананні ABBA або Hark The Herald Angels Sing, I'm Dreaming of a White Christmas ды іншыя сусветныя хіты: "Але мне ўжо начальства сказала гэтым не захапляцца. Маўляў, калі ўжо вельмі просяць, уключы, але разава. А прыярытэт павінен аддавацца кампазіцыям кшталту "Белы снег" у выкананні Таісіі Павалій або "Снег кружыцца" ў выкананні "Самацветаў".

Паводле яго, галоўным патрабаваннем называюць песні на рускай мове. А вось па-ўкраінску — ужо нельга.

У школах і дзіцячых садках ёсць свае забароны. Наталля, маці школьніцы, расказала журналістам, што ў класе яе дачкі заўсёды ў снежні рабілі хваёвыя калядныя вянкі. Але цяпер іх прызналі "элементамі чужой нам культуры". Брастаўчанка назвала гэта "маразм нейкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі