На выставе ў Мінску можна ўбачыць усе грошы, што хадзілі на нашых землях
У Нацыянальным гістарычным музеі 29 чэрвеня адчыняецца выстава “Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля”. Яна паказвае, якім чынам змянялася грашовае абарачэнне ў Беларусі на працягу амаль дзвюх тысяч год.
Гісторык і эксперт у нумізматыцы Віталь Сідаровіч, які дапамагаў арганізаваць выставу, распавядае Еўрарадыё, што яна была прысвечаная аднаўленню манетнага абарачэння ў Беларусі.
“Цяпер, асабліва ў моладзі, якая не прызвычаеная да манет, звязана шмат негатыўных эмоцыяў. Для іх гэта нешта невядомае, незразумелае. Таму гэтая выстава мусіць паказаць, што манетнае абарачэнне нармальная з’ява ў Беларусі. На нашай тэрыторыі ўжо больш за тысячу гадоў з рознай інтэнсіўнасцю ходзяць манеты”.
На выставе можна ўбачыць першыя манеты, якія з’явіліся на нашых землях, — дынарыі Рымскай імперыі.
Скарбы вікінгаў, у якіх знаходзілі дзірхамы — манеты Арабскага халіфату. Іх можна лічыць першымі паўнавартаснымі грашыма, якія хадзілі на нашых землях у той час, калі тут сталі з’яўляцца першыя дзяржавы.
На выставе выстаўленыя манеты XIV–XV стст. Гэта час, калі адбывалася ўзмацненне Вялікага Княства Літоўскага.
“Першай грашовай адзінкай, якая стала асновай эканомікі ВКЛ, былі не ўласныя манеты, а манеты Чэхіі — “пражскія грошы”. Мы можам умоўна называць іх тагачаснымі еўра”, — распавядае гісторык і дадае, што менавіта гэтыя манеты далі назву беларускаму слову “грошы”.
За шклом, абароненым лазерам, таксама можна ўбачыць манеты Вялікага Княства Літоўскага — залатыя дукаты, срэбраныя талеры, дробныя шэлегі ды іншыя. Ёсць тут і манеты паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі, а таксама вядомыя і малавядомыя скарбы, у тым ліку грашовая частка знакамітага “мінскага скарба”.
Можна пабачыць і нямала ўзораў папяровых грошай.
“Першыя папяровыя грошы на нашых землях з’яўляюцца напрыканцы існавання Рэчы Паспалітай. Але яны доўга не пратрымаліся. І таму з канца XVIII стагоддзя на нашых землях карыстаюцца папяровымі грашыма Расійскай імперыі, якія з’явіліся незадоўга да гэтага пры Кацярыне ІІ”, — распавядае Сідаровіч. І дадае, што спачатку ў насельніцтва быў вялікі недавер да папяровых грошай.
Гісторык кажа, што ў свой час яны былі дастаткова моцнымі і дэвальваваліся толькі ў перыяд найбольшых сацыяльных і палітычных страсенняў. Самая моцная дэвальвацыя на нашых землях адбылася падчас Першай сусветнай вайны і пасля рэвалюцыі, потым — падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасля распаду СССР.
Па словах Сідаровіча, цяпер — ледзь не самы доўгі перыяд “стабільнай дэвальвацыі” на нашых землях.
На выставе можна паглядзець на першыя арыфмометры (механічныя калькулятары), а таксама на адмысловай прыладзе праверыць свае грошы на сапраўднасць. Таксама тут можна зірнуць на новыя беларускія рублі.